Life:) адключыў званкі мінчанцы, якая жыве непадалёк ад "Плошчы Перамен”

Еўрарадыё
Еўрарадыё

У телеграм-канал Еўрарадыё напісала мінчанка, якая жыве непадалёк ад "Плошчы Перамен". Яна расказала, што аператар сотавай сувязі Life:) мае намер прыпыніць аказанне паслуг па яе нумары — "у сувязі з падставай меркаваць, што ўладальнікам нумара здзяйсняецца правапарушэнне, якое наносіць шкоду кампаніі".

Life:) отключил исходящие минчанке, живущей неподалёку от “Площади Перемен”
Паведамленне, якое прыйшло абанентцы ад Life:) / Еўрарадыё

У паведамленні Life:) спасылаецца на пункт 3.2.5 дамовы аб аказанні паслуг электрасувязі. Там гаворыцца, што прадстаўленне паслуг можа быць прыпыненае часткова або ў поўным аб'ёме "у выпадку ўзнікнення ў аператара падстаў меркаваць, што здзяйсняецца правапарушэнне ці іншае дзеянне, якое наносіць шкоду аператару, трэцім асобам або дзяржаве з выкарыстаннем каналаў сувязі і абсталявання аператара".

Уладальніца нумару, Алёна, працуе доктарам. Нумар, на які прыйшло паведамленне, працуе ўсяго каля тыдня, прычым гэтую сімку яна выкарыстоўвае толькі для сувязі з пацыентамі.

— Проста адключылі выходныя званкі пасля таго, як прыйшло паведамленне, — кажа яна. — Інтэрнэтам я ў прынцыпе не карыстаюся — гэта тэлефон толькі для працы. Я тэлефанавала ў Life:). Спасылаюцца на гэты пункт дамовы, але там вельмі шмат падпунктаў. Я пыталася, якія канкрэтна парушэнні маглі быць. Але мне проста зачыталі ўсе падпункты.

Алёна кажа, што яе ніколі не затрымлівалі і не штрафавалі. Мы праверылі — дзяўчыны няма ў спісах затрыманых, якія складаюць праваабаронцы і валанцёры.

— І 15 лістапада [калі ў Мінску праходзіў Марш смелых. — Еўрарадыё] я была дома. Але жыву недалёка ад Чарвякова, каля кінатэатра "Кіеў". Прыблізна ў той час, калі там усё адбывалася, я тэлефанавала сваім пацыентам. Можа, яны вырашылі, што гэта неяк звязана.

Алёне прапанавалі абскардзіць рашэнне цягам трох дзён. Тады, магчыма, блакаванне не будзе знятае.

Мы звязаліся з аператарам, каб удакладніць, у чым праблема, і даведацца, што азначае, напрыклад, нанясенне шкоды дзяржаве.

— Ёсць падпункт — нанясенне шкоды аператару, трэцім асобам ці дзяржаве. Гэта неабавязкова дзяржаве. Адключыць могуць па любым пункце, вы проста звярнулі ўвагу менавіта на гэты. Нумар можа быць адключаны таксама па нейкіх сістэмных памылках, — кажуць у кол-цэнтры Life:).

Што тычыцца менавіта шкоды дзяржаве — каментуе кол-цэнтр, што кіруецца беларускім заканадаўствам:

— Ёсць заканадаўства, там усё прапісана. Вельмі шмат пунктаў. Дапусцім, нейкія адміністрацыйныя правапарушэнні. Ёсць сістэма, якая працуе з нумарамі, вызначае стан нумароў, сім-карт і гэтак далей. Гэта ўсё працуе аўтаматычна — праграма, камп'ютар, таму дакладна я вам не растлумачу. Калі такое здараецца, то сістэмай накіроўваецца SMS на той нумар, які можа быць прыпынены часткова або ў поўным аб'ёме.

Пасля выхада артыкула аператар life:) даў Еўрарадыё афіцыйны каментар:

"Мы цяпер разбіраемся з пытаннем Алёны. З вялікай імавернасцю, праз вялікую колькасць званкоў антыфрод-сістэма памылкова распазнала нумар як патэнцыйны СІМ-бокс. Антыфрод-сістэма збірае агрэгаваныя звесткі пра паводзіны абанентаў, і, калі паводзіны актыўнага абанента падобныя да паводзін ужо выяўленага СІМ-бокса, яна яго аўтаматычна прыпыняе. 

Гэта ніяк не звязана з месцам жыхарства Алёны і не залежыць ад месцазнаходжання. Мы прыносім абаненту прабачэнні за сітуацыю, якая склалася".

Слухаць эфір Еўрарадыё можна па гэтай спасылцы. Трансляцыю са студыі можна будзе паглядзець у сацсетках Еўрарадыё: Facebook, "ВКонтакте", "Аднакласнікі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі