Каля беларускай мяжы ўкраінцы знішчылі расійскі рэтранслятар
Вышка сотавай сувязі, ілюстрацыйнае фота / pexels.com
Сілы абароны Украіны 4 верасня знішчылі шэраг ваенных цэляў на тэрыторыі Бранскай вобласці РФ, якая суседзіць з беларускай Гомельшчынай.
Сярод іх называецца рэтранслятар MESH-сетак у горадзе Злынка побач з трасай Гомель — Бранск, звярнула ўвагу выданне "Флагшток". Падрабязнасці не ўдакладняюцца.
На пачатку 2026-га Украіна заяўляла пра знішчэнне MESH-сеткі, якую выкарыстоўвалі расійскія дроны "Шахед" для каардынацыі палётаў у цэнтральных рэгіёнах Украіны. Наземныя пункты кіравання гэтай сеткі размяшчаліся ў Расіі і Беларусі. Пазней ва Украіне казалі пра знішчэнне рэтранслятараў на тэрыторыі Беларусі.
Рэтранслятар у Злынцы мог выкарыстоўвацца для каардынацыі пралёту дронаў уздоўж беларускай мяжы для атакі на Кіеў. Апошні такі пралёт быў зафіксаваны зранку 4 верасня. Пасля гэтага масіраваных атак на ўкраінскую сталіцу не было тры дні ў сувязі з прыездам дэлегацыі ЗША.