Жыхарку Ліды аштрафавалі на 640 рублёў (20 базавых велічыняў) за тое, што запаліла блакітна-жоўтыя фаеры. Такі прысуд вынес 3 лістапада суд Лідскага раёна, пішуць праваабаронцы "Вясны".
Паводле пратакола, лідчанка каля чыгуначнага маста праз раку Лідзейка "падчас спальвання фаераў колераў сцяга дадзенай дзяржавы запісала на відэа і размясціла відэаролік на сваёй старонцы ў Instagram". Гэткім чынам яна адзначыла Дзень незалежнасці Украіны.
Жанчыну абвінавацілі ў незаконным пікетаванні.
На судзе яна не адмаўляла сваю віну. Лідчанка, аднак, заявіла, што не ведала, быццам гэтыя дзеянні лічацца супрацьпраўнымі.