Лекі для анкалагічна хворых на 2 мільёны долараў прывезлі з ЗША ў Беларусь

Лекі для анкалагічна хворых на 2 мільёны долараў прывезлі з ЗША ў Беларусь

У Беларусь прыбыла гуманітарная дапамога на суму больш за 2,25 мільёна долараў ад амерыканскай дабрачыннай арганізацыі CitiHope International. Гэта дарагія лекі, прызначаныя для лячэння анкалагічных і рэдкіх генетычных захворванняў, інфармуе БЕЛТА.

Медпрэпараты паступілі ў адпаведнасці з Мемарандумам аб узаемаразуменні, падпісаным у лістападзе 2018 года ў Вашынгтоне, паведаміў Дырэктар Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Валерый Скакун. Згодна з ім, у Беларусь мяркуецца пастаўляць бясплатную гуманітарную дапамогу ў выглядзе лекаў на суму ў 5 мільёнаў долараў. Спіс лекаў быў узгоднены з Мінздароўя Беларусі. 

Амерыканскія лекі неўзабаве трапяць у медустановы краіны. Па словах Скакуна, гэтая гуманітарная дапамога вызваленая ад падаткаў і мытных плацяжоў.

Амерыканская дабрачынная арганізацыя CitiHope International працавала ў Беларусі да 2014 года. Потым гэтыя кантакты былі перапыненыя. Аднавіць іх удалося дзякуючы беларускай амбасадзе ў ЗША.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі