Курэйчык: прадусар Сяргей Ждановіч выконвае палітычную замову

8 верасня Андрэй Курэйчык распаўсюдзіў заяву з абвінавачваннямі на адрас Сяргея Ждановіча, вядомага як прадусара серыялу “Вышэй неба”. Як сцвярджае драматург, Ждановіч і яго кампанія "Nonstop MEDIA" выйгралі конкурс на стварэнне нацыянальнага кінапраекту “Плошча кахання” (“Авель”). Гэты фільм стане антытэзай драме “Жыве Беларусь” польскага рэжысёра Кшыштафа Лукашэвіча па сцэнары Франака Вячоркі.



На думку Курэйчыка, новы нацыянальны кінапраект будзе адлюстроўваць падзеі на Плошчы 19 снежня 2010 года ў Мінску “аб’ектыўна”, то бок, з пазіцыі беларускай дзяржавы, а таксама ў мастацкай форме раскрые “анатомію беларускага пратэсту”.



“Яго наўпрост курыруе Адміністрацыя Прэзідэнта і ён атрымае адзін з найвялікшых бюджэтаў у гісторыі айчыннага кінематографа, — заяўляе драматург. — Выбар рэалізатарам нацыянальнага кінапраекту не дзяржаўнай кінастудыі “Беларусьфільм”, а бізнесмена Сяргея Ждановіча не выпадковы: ён даўні функцыянер рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.



Між тым сам Сяргей Ждановіч у інтэрв’ю TUT.by заявіў, што падзеям у Мінску напрыканцы 2010 года будзе прысвечаны толькі адзін з фрагментаў фільму. Рабочая назва новай стужкі — “Авель”, а вось адкуль Курэйчык узяў “Плошчу кахання”, прадусар раіць удакладніць у самога драматурга.



Паводле словаў прадусара, фільм — гэта гісторыя двух братоў, прадстаўленая на фоне розных падзеяў, у тым ліку і 2010 года. А пачынацца гісторыя будзе з 1930 гадоў 20-га стагоддзя. Здымкі фільму пачнуцца ў 2014 годзе і пройдуць у ЗША, Нямеччыне, Расіі і Беларусі. Бюджэт складзе 2 мільёны долараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі