У Гродне паказалі, як будзе адбывацца надгляд школьнікаў

Праверка рэчаў у школе, ілюстрацыйнае фота

Праверка рэчаў у школе, ілюстрацыйнае фота / times.by

Гродзенскі абласны тэлеканал паказаў, як будзе адбывацца надгляд школьнікаў. Аказалася, у гродзенскай гімназіі імя Дубко такія праверкі ладзілі яшчэ ў мінулым навучальным годзе — у парадку эксперыменту, заўважыла выданне hrodna.life.

Як паведамлялася раней, з новага навучальнага года ў беларускіх навучальных установах змяняецца парадак дагляду непаўналетніх. Асабістыя рэчы вучняў і наведвальнікаў можна будзе правяраць без прысутнасці бацькоў ці законных прадстаўнікоў — дастаткова прысутнасці педагога. Паведамлялася, што праверкі будуць выбарачнымі — штодня правяраць усіх вучняў не плануюць.

На гродзенскім тэлеканале паведамілі, што вучань павінен будзе самастойна адкрыць заплечнік ці сумку. Калі падчас праверкі знойдуць забароненыя прадметы, іх адбяруць і перададуць педагогам, а затым бацькам.

Дырэктарка гімназіі Святлана Урбановіч кажа, што навучальная ўстанова плануе весці ўлік праведзеных праверак: "Вядзем спісы навучэнцаў, каго мы агледзелі, з кім праведзена гутарка. Гэта значыць, мы не проста аглядаем рэчы, але і праводзім прафілактычныя гутаркі, тлумачым дзецям, што можна праносіць ва ўстанову адукацыі, якія прадметы забароненыя і якія прадметы могуць нанесці шкоду сабе і навакольным дзецям".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.