У двух дзіцячых летніках Мінска выявілі пагрозу заражэння кішэчнай палачкай
Дзеці ў летніку, ілюстрацыйнае фота / Гомельскае абласное аб'яднанне прафсаюзаў
У дзіцячых аздараўленчых летніках Мінска пракурорскія праверкі знайшлі сур'ёзныя парушэнні пры арганізацыі харчавання.
За лета пракуроры праверылі 18 аздараўленчых летнікаў, якія лічацца на балансе мінскіх арганізацый, а таксама 26 летнікаў пры ўстановах адукацыі.
У двух летніках выявілі "сур'ёзныя парушэнні санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства пры арганізацыі харчавання". Як паведамаляюць у пракуратуры, існавала пагроза заражэння дзяцей кішэчнай палачкай. Двух загадчыкаў вытворчасці аштрафавалі, а парушэнні выправілі.
Яшчэ ў адным летніку праверка выявіла брудную падлогу, пыл і павуцінне ў жылых карпусах, душавых і памяшканнях харчаблока, "што сведчыла аб неажыццяўленні іх якаснай прыборкі на працягу доўгага часу". У гэтым жа летніку пракурораская праверка ўбачыла брудныя пледы і пасцельную бялізну, а таксама іншыя парушэнні. Дырэктара прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці.