Крэдыты пад 14%? Як бы не так!

Еўрарадыё дазналася, ці патаннелі крэдыты пасля рэкамендацый Нацбанку. Каля двух тыдняў таму Нацыянальны банк Беларусі рэкамендаваў айчынным банкам прытрымлівацца маржы ў 3 адсоткі паміж стаўкай рэфінансавання і працэнтнай стаўкай па крэдытах у беларускіх рублях. Калі тое самае сказаць больш простымі словамі – галоўны банк краіны рэкамендаваў іншым банкам крэдытаваць насельніцтва і арганізацыі не даражэй як за 14 працэнтаў гадавых.

Па словах прэс-сакратара Нацыянальнага банка Міхала Журавовіча, такія захады рабіліся і раней. Іншыя банкі прытрымліваліся рэкамендацый, што рабіла крэдыты больш таннымі.

Аднак пры пачатку 2007 года Нацбанк адмовіўся ад гэтага сродку рэгулявання крэдытнага рынку. У сувязі з чым? Распавядае спадар Журавовіч.

Міхал Журавовіч: “У асноўным паўплываў рост коштаў на энэрганосьбіты, а таксама сітуацыя з дэфіцытам валюты і вялікім попытам на яе. Нацыянальны банк са згоды прэзідэнта адмяніў свае рэкамендацыі, каб знізіць попыт на беларускія рублі і набыццё за іх валюты, – толькі на першы квартал”.

За першы квартал попыт на валюту зменшыўся. Працягвае Міхал Журавовіч:

Міхал Журавовіч: “Калі ў лютым насельніцтва набывала валюты недзе на 170 мільёнаў больш, чым прадавала ў банкі, дык у сакавіку гэтая сітуацыя зменшылася прыкладна ў чатыры разы”

Банкі краіны ўспрынялі красавіцкія рэкамендацыі Нацбанка як... рэкамендацыі. Прынамсі, у прэс-службе “Беларусбанка” сцвярджаюць, што рэкамендацыі прынятыя да ведама, але рабіць прагнозы наконт змянення ставак па крэдытаванні не ўзяліся.

Адмовіліся каментаваць меркаваную дынаміку працэнтаў па крэдытах і ў “Прыёрбанку”. Аднак супрацоўніца дэпартамента грамадскіх сувязяў “Прыёра” Святлана Сушкевіч адзначыла цікавую акалічнасць:

Святлана Сушкевіч: “У нас, напрыклад, стаўкі па крэдытаванні будаўніцтва і нерухомасці і так ніжэйшыя за 14 адсоткаў”.

Крыху іншая сітуацыя ў “Белаграпрамбанку”. Тут знізілася працэнтная стаўка крэдытавання юрыдычных асобаў, але толькі праз тое, што яе падвышалі ў першым квартале 2007-га. Стан спраў па крэдытаванні фізічных асобаў тлумачыць супрацоўнік “Белаграпрамбанка” Аляксандр Філіповіч.

Аляксандр Філіповіч: “Вядома ж, крэдыты будуць таннець, бо Нацыянальны банк плануе змяншаць стаўку рэфінансавання. Адпаведна, будуць таннець крэдыты. Але больш кошты крэдытаў залежаць ад умоў, на якіх банк прыцягвае рэсурсы ад насельніцтва”.

Сёння банк прымае ўклады пад 15 працэнтаў. Адпаведна, крэдытаваць пад 14 працэнтаў, як рэкамендуе Нацбанк, досыць складана. Ну хаця б пад 16”.

Пакуль жа ніякіх змен ва ўмовах крэдытавання фізічных асобаў у “Белаграпрамбанку” не адбылося. Яны для банкаў увогуле нявыгадныя.

Традыцыйна самымі нізкімі працэнтамі абкладаюцца крэдыты на атрыманне адукацыі ды будаўніцтва жытла. Стаўкі па крэдытах на набыццё спажывецкіх тавараў заўсёды крыху вышэйшыя.

Рэкамендацыі Нацыянальнага банка не мелі за мэту ураўняць працэнтныя стаўкі, таму не трэба здзіўляцца, калі, не зважаючы на прапанаваную формулу 11+3, крэдыт на набыццё аўто вам прапануюць пад 17 працэнтаў гадавых, а на будаўніцтва – пад 13 – 15.

Да ўсяго згаданага вышэй можна дадаць адну неарыгінальную параду: заўсёды ўважліва чытайце дамовы, якія падпісваеце. Даючы вам крэдыт пад 15 працэнтаў гадавых, асобным пунктам у дамове банк можа пазначыць, што ў іх не ўваходзяць выдаткі на абслугоўванне крэдыту і адкрыццё рахунку. Так, праз вашую неасцярожнасць, выдаткі па вяртанні крэдыту могуць узрасці на адсотак-другі незаўважна для вас. Распавядае Міхал Журавовіч.

Міхал Журавовіч: “Банкам рэкамендавана, каб усе працэнты ўваходзілі ў гэтую 3-працэнтную маржу. Больш за тое, нядаўна быў прыняты новы дакумент – пакуль што ён не ўступіў у сілу, а гэта здарыцца пасля яго афіцыйнага апублікавання – згодна з якім кліенту, які бярэ крэдыт, павінны на кожны месяц распісаць суму ягонага плацяжу”.

Увогуле ж, згодна з неафіцыйнымі прагнозамі, у перспектыве банкі кампенсуюць зніжэнне крэдытнай стаўкі падвышэннем коштаў на паслугі па абслугоўванні крэдыту.

Фота — photo.bymedia.net