Вы тут

КР пра новыя крымінальныя справы: легітымная ўлада не мае патрэбы ў рэпрэсіях

Члены прэзідыума КР сёння або за мяжой, або за кратамі​

Генпракуратура Беларусі паведаміла 21 снежня аб узбуджэнні новых крымінальных спраў у дачыненні да членаў Каардынацыйнай рады і Святланы Ціханоўскай. Іх у ведамстве назвалі "экстрэмісцкім фарміраваннем".

— Каардынацыйная рада была створана як пляцоўка для перамоў з мэтай пераадолення палітычнага крызісу. Мы заўсёды дзейнічалі ў рамках прававога поля і ніколі не заклікалі да незаконных дзеянняў, — заявілі ў прэс-службе КР. — Мы працягваем настойваць на дыялогу, а не грубым парушэнні правоў грамадзян выказваць сваё меркаванне. Наша мэта застаецца ранейшай — дыялог для вырашэння палітычнага крызісу.

У КР падкрэслілі: "Ціск на сябраў КР і абсурдныя абвінавачванні — чарговая спроба пазбавіць беларусаў магчымасці выбіраць сваю ўладу, выказваць сваё меркаванне і змагацца за сваю свабоду".

— Легітымная ўлада не мае патрэбы ў рэпрэсіях, — заключылі ў КР.

Выказаўся пра сітуацыю і член Прэзідыума КР, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання (НАУ) Павел Латушка:

— Узбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да шэрагу членаў Каардынацыйнай рады з'яўляецца палітычна матываваным. Нелегітымны рэжым працягвае рэпрэсаваць і душыць праявы любога іншадумства. Беларускае грамадства ўсведамляе ўсю абсурднасць падобных рашэнняў дыктатара, які ўзурпаваў уладу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.