Вы тут

“Кошты цяпер у нас вышэйшыя за маскоўскія, а вось заробкі ― не”

"Беларуская крама" у Сімферопалі.

У канцы лютага 2014 года на тэрыторыі паўвострава Крым з’явіліся “зялёныя чалавечкі”. Усе вайсковыя часткі узброеных сіл Украіны і будынкі вышэйшых органаў улады былі блакаваныя ўзброенымі салдатамі, якія адмаўляліся ад кантактаў з мясцовым насельніцтвам і атрымалі агульную мянушку “ветлівыя людзі”. 16 сакавіка 2014 года ў Крыме прайшоў рэферэндум, на які былі вынесеныя пытанні пра будучы статус паўвострава. Сярод прапанаваных насельніцтву варыянтаў былі “Уваход у склад РФ” і “Вяртанне Канстытуцыі 1992 года і Крым як частка Украіны”. Згодна з дадзенымі адміністрацыі паўвострава, 96,77% яго жыхароў прагаласавала за ўваходжанне ў склад Расіі, яўка склала 83,1%. Улады Украіны не прызналі вынікаў, згодна з украінскімі законамі, такія пытанні не могуць вырашацца шляхам рэферэндуму. 27 сакавіка Генеральная асамблея ААН прызнала, што рэферэндум 16 сакавіка не можа мець законнай сілы, а Крым юрыдычна застаецца часткай Украіны.

Праз тры гады пасля падзей сакавіка 2014 года афіцыйны Кіеў лічыць паўвостраў часова акупаванай тэрыторыяй. Крэмль настойвае, што Крым з'яўляецца часткай расійскай тэрыторыі.

Крама "Двери Белоруссии" па дарозе з Сімферопаля ў Ялту.

Тое, што без “размовы” з супрацоўнікам ФСБ Расіі па дарозе ў Крым нам не абысціся, мы з Алесем Пілецкім ведалі ад пачатку. І таму загадзя дамовіліся казаць, што галоўнай мэтай нашых журналісцкіх матэрыялаў будзе тэма “турстычная” ― як беларускім турыстам патрапіць у Крым, не парушаючы ніякіх законаў, якім транспартам гэта можна зрабіць, якія іх на паўвостраве чакаюць кошты, якія цэннікі ў мясцовых кафэ і гэтак далей. Карацей, асноўная і адзіная тэма ― ці варта беларусам ехаць у Крым адпачываць? Ну, а падманваць спецслужбы нельга!

 

“Думаю, што сёлета нават і адчыняць сваё кафэ на ўзбярэжжы не буду ― не мае сэнсу!”

Ільхам, крымскі татарын сталага ўзросту, далёка не адразу пачынае размаўляць з намі шчыра ― слухае нас, вывучае, цікавіцца жыццём у Беларусі. Потым прызнаецца: трымае ўжо шмат гадоў невялічкую кафэшку на ўзбярэжжы, куды яшчэ пару гадоў таму любілі завітаць у тым ліку і беларусы.

― У 2014 годзе не прыехала ніводнага беларуса. Як і ў 2015-ым. Летась адна сям’я з тых, хто шмат гадоў прыязджаў на гэтае месца, з’явілася. Сказалі, што засумавалі па даўно абжытым месцы і прыехалі ў разведку. А сёлета, відаць, не прыедуць… Хочаш праўду? І большасць расіян, тых, сярэдняга дастатку, што раней сюды прыязджалі, больш не паедуць…

― Чаму?

― Дорага, няма ім з іх грашыма чаго тут рабіць. Глядзі, прыязджалі раней да нас расіяне, якія маглі сабе дазволіць узяць на адпачынак 30-40 тысяч расійскіх рублёў. Жылі ў санаторыі, а да мяне прыходзілі піва-гарэлкі выпіць ды смачнай, не санаторнай ежай паласавацца. Мянялі яны свае гэтыя 30-40 тысяч рублёў на грыўны і адчувалі сябе тут каралямі ― не ведалі, што ім яшчэ ў мяне замовіць, каб грошы патраціць. А летась прыехаў ён з той жа сумай і зніякавеў: кошты ў нас ў расійскіх рублях, а цэны ― вышэйшыя за маскоўскія сталі! Ён як ад’язджаў, то мне яшчэ і вінен застаўся. Праўда, потым даслаў пераводам. А што тады казаць пра ўкраінцаў ці беларусаў? Няма ў іх такіх грошай, каб тут нармальна адпачыць… Вы б паехалі да нас сюды адпачываць? Я б сам не паехаў!

Вясной 2014 украінскі "Ашан" літаральна за месяц ператварыўся ў расійскі.

Але гэтага мала. Галоўны навар у сваёй сезоннай кафэшцы Ільхам меў з продажу піва ды больш моцнага алкаголю. Украінскія ўлады давалі сезонную ліцэнзію. Расійскія ўлады даюць ліцэнзію пастаянную ― на год. Каштуе яна дорага, а патрэбная толькі на два месяцы.

― Вось, раней я ЖЫЎ, а цяпер проста жыву… Ты зразумеў, што я хачу сказаць?

 

“Кошты ў нас маскоўскія, а заробкі...”

Гэтую фразу мы чуем неаднаразова падчас сустрэч з рознымі людзьмі ў Крыме. Але адна справа ― крамы ў цэнтры горада ці на ўзбярэжжы і зусім іншай можа быць сітуацыя ў гіпермаркетах. З мэтай азнаямлення, кіруемся з сімферопальскі гіпермаркет “Ашан”, каб потым параўнаць кошты ў ім з коштамі ў “Ашане” кіеўскім. Асабліва цікава гэта зрабіць яшчэ і таму, што раней сімферопальскія сеткавыя гіпермаркеты былі “ўкраінскімі”, а цяпер сталі “расійскімі”.

Першае, што кідаецца ў вочы ― амаль поўная адсутнасць пакупнікоў, не цалкам запоўненыя таварамі паліцы і адсутнасць нейкіх акцый ды зніжак у сімферопальскім “Ашане”. Бяром аднолькавыя найменні тавараў і бачым: 1 літр малака ў сімферопальскай краме каштуе прыблізна 1 долар, а ў кіеўскай ― 30-50 цэнтаў, свініна ― 6 долараў супраць кіеўскіх прыблізна 3 долараў, памідоры ― 1,5 долара супраць 1,3, хлеб ― амаль долар супраць 20-30 цэнтаў, згушчонка ― 1,7 долара супраць кіеўскіх прыблізна 80 цэнтаў. Так па ўсіх, як кажуць, таварных пазіцыях.

Паліцы ў крамах Сімферопаля часта напалову пустыя.

Знаходзім нават крамы “Белорусские колбасы”! Для параўнання смаку і кошту набываем кавалак “Эстонскай”. Па смаку ― наша, айчынная, па коштах ― не. Тут яна каштуе 7,5 долара, у нас ― менш за 4 долары за кілаграм.

Беларускага ў Крыме даволі шмат. Гэта і крамы з мяснымі прадуктамі, і сыры, і селядзец, і згушчонка. На ўездзе ў Ялту бачылі краму “Двери Белоруссии”, шмат крам беларускага трыкатажу. Бачылі нават “Белорусскую столовую”. Што праўда, заходзіць туды мясцовыя жыхары нам не раілі. І гэта пры тым, што ўсё беларускае ў Крыме цяпер любяць. Нягледзячы на тое, што яно даражэйшае за расійскія аналагі адсоткаў на 30 ― за якасць. Таму і ходзяць сімферопальцы закупляцца на беларускія кірмашы, якія прыязджаюць да іх практычна раз на месяц.

 

Бесларускі селядзец у Крыме каштуе ўдвая даражэй, чым у Мінску.

“Бабуля атрымлівае расійскімі 7500 рублёў пенсіі, а за аднапакаёўку плаціць 2500…”

Крымчане чакалі расійскіх пенсій і заробкаў, і атрымалі іх. Разам з расійскімі коштамі на прадукты і расійскімі тарыфамі ЖКГ. Жыхар Сімферопаля паказаў нам сваю жыроўку на двухпакаёўку ў 46 квадратаў. За студзень яму выставілі аплату 3273 рублі. За практычна такую кватэру мой знаёмы ў Херсоне плаціць каля 1500 грывен. У першым выпадку атрымліваем 56,5 долараў, а другім ― 55,5.

У мяне суседка-пенсіянерка атрымала расійскую пенсію ― 7500 рублёў. З іх 2500 плаціць за камуналку. На жыццё застаецца 5 тысяч рублёў”, ― расказвае мясцовы жыхар Сяргей.

Затое вада ў дамах і кватэрах цяпер ёсць пастаянна, што раней у Крыме было не часта. Мясцовых жыхароў гэта радавала. На пачатку. А цяпер непакоіць, бо новыя ўлады “распячаталі” дзве свідравіны і забор вады адтуль прывядзе да засольвання глебы. І ў Крым вернуцца “саланчакі”…

У "Беларуская краме". Кошты кусаюцца.

Гуляючы вечарам па Сімферопалі, звяртаем увагу на тое, што вельмі шмат кафэ і рэстаранаў не працуе, а шмат дзе ўвогуле шыльды “Прадаецца”.

"Але хоць нешта да лепшага змянілася за гэтыя тры гады?" ― пытаемся ў кіроўцы, які вязе нас на КПП. Ён задумаўся на хвіліну і сказаў: "Бензін патаннеў у два разы. І яшчэ машыны. Дзесяцігадовую іншамарку можна за тысяч 6-7 узяць. Пры Украіне такога не было... Я вось скарыстаўся, купіў сабе. Але куды, блін, акрамя Крыма я на гэтай машыне магу паехаць?!"

Новости других медиа
Загрузка...
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі