Консульства Польшчы ў Гродне патрабуе для візы даведку з месца працы

Консульства Польшчы ў Гродне патрабуе для візы даведку з месца працы

Генеральнае консульства Польшчы ў Гродне з 30 лістапада змяніла патрабаванні да дакументаў, якія падаюцца на атрыманне візы. Як піша Гродзенскі блог s13, заяўнік павінен даць гарантыі сваёй фінансавай заможнасці. У прыватнасці, амаль для ўсіх тыпаў віз да ранейшага пакету дакументаў давядзецца дадаць адзін, які пацвердзіць наяўнасць грошай падчас знаходжання ў Польшчы. Гэта можа быць даведка з банку пра стан рахунку, крэдытная картка або даведка з месца працы аб прыбытках за апошнія тры месяцы.

Дырэктар турагенцтва "Калумбустур" Віталь Мацута кажа, што нечаканыя змены сталі непрыемным сюрпрызам для дзясяткаў гродзенцаў. Паводле яго слоў, новаўвядзенне звязанае з уніфікацыяй працы ўсіх консульскіх аддзелаў Польшча на тэрыторыі Беларусі.

Да гэтага часу толькі ў Гродне не патрабавалі даведку аб заробку або даведку з банку. У Брэсце і Мінску гэтыя дакументы запытвалі ўжо даўно. Па словах Мацуты, звычайна на рахунку павінна быць сума, эквівалентная 200-300 еўра — гэтага дастаткова для адкрыцця візы.

Дарэчы, з новага года гродзенцаў чакаюць і іншыя змены ў кансуляце. Консульскі збор давядзецца плаціць дзецям, старэйшым за 12 гадоў, і студэнтам дзённых аддзяленняў ВНУ да 21 года. Дагэтуль яны маглі разлічваць на атрыманне бясплатных віз.

Фота: olz.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі