Вы тут

Колькі паверхаў у найвышэйшых мінскіх гмахах?

san-marco.com

У Мінску няма патрэбы ў нарошчванні будаўніцтва гмахаў, у горадзе варта ўзводзіць будынкі “нармальнай” павярховасці. Такое меркаванне ў інтэрв’ю “Народнай газеце” выказала чалец Савета Беларускага саюза архітэктараў, кандыдат архітэктуры, дацэнт Галіна Палянская.

На думку спецыяліста, хоць Мінск і даволі кампактны горад, у ім усё яшчэ можна ўзводзіць не вельмі высокія будынкі. Да таго ж “высоткі” патрабуюць немалых выдаткаў у абслугоўванні, і ў іх складаней затрымлівацца правілаў пажарнай бяспекі.

З архітэктурнага пункту гледжання гмахі выконваюць ролю акцэнтаў, якія ўдала выглядаюць на фоне ніжэйшых дамоў. Але выкарыстоўваць іх трэба з улікам таго, як яны выглядаюць у ансамблі з іншымі будынкамі, мяркуе архітэктарка.

У якасці прыкладаў найлепшых архітэктурных рашэнняў Палянская назвала жылы комплекс “Парус” на Юбілейнай плошчы, а таксама бізнэс-цэнтр “Раял Плаза” на праспекце Пераможцаў.

 

Як паведамляла Еўрарадыё, найвышэйшы гмах Мінска —  гэта акурат “Раял Плаза” (135 метраў і 33 паверхі). За ім ідзе “Парус”, які мае 134 метры вышыні і 34 паверхі. Вышыня жылога комплексу “Лазурыт” у Вяснянцы дасягае 127 метраў вышынёй, але ў ім 37 паверхаў.