Колькі грошай кандыдаты ад апазіцыі трацяць на выбарчую кампанію

Колькі грошай кандыдаты ад апазіцыі трацяць на выбарчую кампанію
Кандыдат у дэпутаты ад кампаніі “Гавары праўду” і экс-кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч здзівіла сваім перадвыбарчым білбордам. Ну не прывыклі яшчэ беларусы да такога шыку! Тым больш што апазіцыя заўжды наракае на адсутнасць сродкаў, а тут вось так узяць і аддаць 420 долараў за адзін білборд! Адкуль грошы і колькі ўвогуле на сваю сёлетнюю кампанію патраціла Таццяна Караткевіч?

Усё аплачваецца з выбарчага фонду кандыдата, які напаўняецца “сродкамі выбаршчыкаў”, тлумачыць паходжанне грошай Таццяна.

“Ну, і я таксама пералічваю. У канцы кампаніі стане зразумела, колькі я ўклала сваіх… Але “сваіх” — гэта ўмоўна. Бо я звяртаюся па дапамогу шмат да якіх людзей, сваякоў, каб яны дапамагалі. Бо сёння ў мяне даходы невялікія, але я вельмі актыўна імкнуся далучыць людзей да гэтай кампаніі, паказаць ім, што гэта важна”, — распавядае Караткевіч.

Праўда, не толькі не кажа нічога пра тое, ці будзе вяртаць сваякам грошы і як, але нават не ведае, колькі грошай ужо было патрачана на розныя агітацыйныя матэрыялы: перанакіроўвае да свайго фінансавага прадстаўніка. Ад яго даведваемся: на білборд пайшло 810 рублёў, на агітацыйную прадукцыю — 480 рублёў. І на 25 жніўня ў выбарчым фондзе яшчэ заставалася 500 рублёў.

Намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч пра сваю агітацыйную кампанію кажа ў звыклым для сябе стылі “я — самы круты хлопец”. Па словах палітыка, яго каманда ўжо раздала выбаршчыкам 32 тысячы календароў і ўжо надрукавалі дадатковую партыю ў 16 тысяч, улётак раздалі 20 тысяч і надрукавалі яшчэ столькі ж.

“Колькі дакладна за ўсё ўжо было заплачана, не скажу. Але ведаю, што ў мяне на рахунку больш за 20 мільёнаў старымі — туды ж грошы пастаянна кладуць. І я кладу. Але не менш за 25 мільёнаў патрачана ўжо дакладна. Фізічныя асобы ў мяне таксама ўнеслі грошы, але асноўная сума майго выбарчага фонду — гэта ўсё ж такі мае асабістыя сродкі як кандыдата ў дэпутаты”, — хваліцца Гайдукевіч.

І абяцае: калі нават Таццяна Караткевіч паставіла білборд, то ён сваіх паставіць як мінімум чатыры! І тое, што за гэта давядзецца аддаць каля 32 мільёнаў, яго не хвалюе.

Кандыдат ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, рэжысёр Юрый Хашчавацкі шчыра прызнаецца: ён цяпер больш увагі надае працы над сваім новым фільмам, чым выбарчай кампаніі.

“Наколькі я ведаю, выдадзеныя ўлёткі з прыкладна маім тэкстам (выступу па БТ — Еўрарадыё), пераробленым так, каб яго чытаць можна было. І гэтага хопіць! Калі здолее партыя арганізаваць (я цяпер раблю фільм і не маю шмат часу), то я абавязкова сустрэнуся з выбаршчыкамі”, — кажа Хашчавацкі.

 
 

Праўда, ні якім накладам, ні колькі каштавалі тыя ўлёткі, кандыдат-рэжысёр не ведае. Што праўда, выбарчы фонд ён стварыў, паклаў на яго “прыблізна 500 рублёў”. З якіх 75 рублёў — асабістыя грошы Юрыя Хашчавацкага.

А вось намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў ні выбарчага фонду не ствараў, ні грошай асабістых на сваю кампанію не траціў. Сябры-прыхільнікі па ўласнай ініцыятыве і за ўласныя грошы надрукавалі яму крыху чорна-белых улётак, але якім накладам і колькі гэта ім каштавала, Кастусёў не ведае.

1400 рублёў з уласнай кішэні паклаў у свой выбарчы фонд намеснік лідара Руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч. І яшчэ каля 700 рублёў — “іншыя фізічныя асобы”. За гэтыя грошы выдадзеныя некалькі соцень каляровых плакатаў, 25 тысяч улётак “у кожную паштовую скрыню ў форме вайсковага трохкутніка” і адзін “інфармацыйны куб” — яго ў якасці прычэпа возіць па веласцежках выбарчай акругі Губарэвіча раварыст-валанцёр.

Фота Змітра Лукашука і з архіву Юрася Губарэвіча

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі