Коктыш: Ні МГІМО, ні МЗС да “крымскага сцэнару для Беларусі” дачынення не маюць

Коктыш: Ні МГІМО, ні МЗС да “крымскага сцэнару для Беларусі” дачынення не маюць

Як мага хутчэй замяніць Аляксандра Лукашэнку на больш прарасійскага прэзідэнта і падрыхтаваць для Беларусі “крымскі” сцэнар. Такія парады даюць расійскім уладам аўтары манаграфіі “Свет у ХХІ стагоддзі: прагноз развіцця міжнароднага становішча па краінах і рэгіёнах”.

Напісалі гэтую манаграфію супрацоўнікі Цэнтра ваенна-палітычных даследаванняў, які нібыта ўваходзіць у структуру Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносінаў МЗС Расіі. Прынамсі, лагатып інстытута стаіць на сайце ўзгаданага Цэнтра.

Па словах дацэнта кафедры палітычнай тэорыі МГІМО Кірыла Коктыша, і інстытут, і гэты цэнтр звязаныя вельмі ўскосна:

“Гэта той Цэнтр, які не афіляваны з МГІМО напрамую. Які, скажам так, мае МГІМО ў якасці партнёраў. І нельга казаць, што нейкія грошы МГІМО туды ідуць: МГІМО – адна з партнёрскіх арганізацый. На сайце Цэнтра пералічаны яшчэ некалькі такіх партнёрскіх арганізацый, але гэта тое ж самае, што дэманстраваць пэўную колькасць спонсараў”.

Цытата з манаграфіі: “Лукашэнка працягне манеўраванне паміж Расіяй і Захадам, але атрымаць якіх-небудзь істотных фінансавых уліванняў у беларускую эканоміку з боку ЕС і ЗША не зможа. У выніку сацыяльна-эканамічная напружанасць у краіне будзе расці і перыядычна выбухаць уплёскамі масавай незадаволенасці, вулічнымі акцыямі і спробамі майдана. Сітуацыя будзе пагаршацца перацяканнем у Беларусь нестабільнасці з тэрыторыі Украіны. Паступова ў Беларусі будзе фарміравацца падпольная сетка баявікоў-нацыяналістаў, гатовых выступіць са зброяй у руках супраць уладаў. Гэты працэс будзе адбывацца як стыхійна, так і накіроўвацца заходнімі цэнтрамі, якія вядуць гібрыдную вайну супраць Расіі і яе саюзнікаў”.

Па словах Кірыла Коктыша, у Цэнтры працуюць адны пенсіянеры – былыя выпускнікі МГІМО і супрацоўнікі МЗС Расіі. Тым не менш, сцвярджае Коктыш, “аналітык”, які пісаў “беларускую частку” манаграфіі, абсалютна не разбіраецца ў тым, што адбываецца ў нашай краіне.

Кірыл Коктыш: “У манаграфіі 700 старонак, і толькі дзве з іх прысвечаны Беларусі. Магчыма, ва ўсіх астатніх рэчах аўтары манаграфіі і кампетэнтныя, але той кавалак, які тычыцца Беларусі, відавочна пісаў чалавек, які не ведае краіны, не ведае таго, што там адбываецца”.

Цытата з манаграфіі: “Між тым, імкнучыся захаваць незалежнасць ад Расіі і тармозячы працэсы інтэграцыі дзвюх краін, Лукашэнка працягне насаджаць у краіне ліцвінскі нацыяналізм як процівагу агульнарускаму адзінству. Гэтая палітыка будзе легітымаваць і ўмацоўваць тыя самыя грамадскія пласты, перш за ўсё, сярод моладзі, якія і выступяць ударнай сілай будучыні мінскага майдана”.

Дацэнт МГІМО пераконвае, што сваю манаграфію аналітыкі Цэнтра пісалі не на замову нейкай дзяржаўнай структуры, а па ўласнай ініцыятыве. І, адпаведна, выказалі там пазіцыю, якая не супадае з пазіцыяй МГІМО і МЗС. Больш за тое, Кірыл Коктыш упэўнены, што такі погляд на Беларусь, які выкладзены ў манаграфіі, у Расіі мала хто падзяляе.

“Ёсць, канешне, пэўная экспертная частка, якой бракуе кампетэнтнасці. Але гэтая нястача не можа быць кампенсавана моцнымі выразамі, катэгарычнасцю, чорна-белай карцінкай і гэтак далей. Тут так: калі ты б’еш у званы, але нічога не здараецца, то не страшна – ты быў на варце і папярэджваў. І лічыцца, што гэта лепш, чым нічога не рабіць. Бо кожны эксперт ведае: калі ты “згушчаеш фарбы”, папарэджваеш пра небяспеку і цябе пачуюць, то дадуць грошай. І пасля ты ўжо будзеш тлумачыць, чаму заўважаная табой небяспека – не праблема. Ну, а калі цябе не пачуюць, то ты праявіў пільнасць. Атрымліваецца гульня без магчымасці прайграць”, – кажа Коктыш.

На стол Пуціна манаграфія Цэнтра не патрапіць, перакананы Коктыш. Яна, кажа палітолаг, увогуле нікуды не патрапіць, бо яе проста “пусцяць пад нож” – на гэтым настойвае кіраўніцтва МГІМО. І сапраўды, пасля 14 гадзін тэкст манаграфіі з сайта знялі.

Тым не менш, у Беларусі яе заўважыць паспелі. А як не заўважыць такія парады расійскіх “аналітыкаў”?

Цытата з манаграфіі: “Момант перадачы ўлады ў Беларусі, які, хутчэй за ўсё, наступіць да 2025 г., будзе найбольш напружаным і небяспечным з пункту гледжання расійскіх інтарэсаў. Нельга цалкам выключаць, што Лукашэнка можа быць ссунуты ў выніку масавых акцый пратэсту. Расія павінна быць гатовая да такога развіцця падзей і мець адпаведны план дзеянняў па прыкладзе таго, што было зроблена ў Крыме ў 2014 годзе. Таксама ў інтарэсах Масквы, каб перадача ўлады ў Беларусі адбылася як мага раней, інакш прыход да ўлады прарасейскіх сіл будзе ўсё складаней забяспечыць мірным шляхам”.

Кірыл Коктыш: “Калі спатрэбіцца [афіцыйны Мінск выкажа прэтэнзіі расійскім уладам. – Еўрарадыё], то Расія як дзяржава і МГІМО як інстытут ад усяго гэтага адмяжуюцца. Бо тое, што ў манаграфіі выкладзена, ніколі не было і не будзе афіцыйнай пазіцыяй. Ну, напісаў нехта глупства – усё здараецца, не ўсё вычытваецца. МГІМО – вялікая “фабрыка думкі” і нейкія рэчы недарэчныя тут таксама адбываюцца”.

У тым, што і гэтая манаграфія, асабліва яе “беларуская частка”, і рэакцыя на яе беларускіх экспертаў і аналітыкаў трапяць на стол кіраўніку Беларусі, Коктыш не сумняваецца. Якой будзе рэакцыя Лукашэнкі, прадказаць цяжка. Тым не менш відавочна, што з’яўленне такіх манаграфій і такіх “парад экспертаў” не могуць не насцярожваць.

Матэрыялы па тэме:

Суздальцаў: Паглынаць Беларусь — праект загадзя правальны і нявыгадны

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі