Суздальцаў: Паглынаць Беларусь — праект загадзя правальны і нявыгадны

Суздальцаў: Паглынаць Беларусь — праект загадзя правальны і нявыгадны

Беларуская тэма ізноў набывае нязвыклую папулярнасць у расійскіх СМІ. Прагнозы, якія расійскія эксперты і палітычныя аглядальнікі даюць на гэты раз, малююць незайздросную будучыню і для дзеючага кіраўніка Беларусі, і для суверэнітэту краіны. Ці варта прыслухацца да гэтых прагнозаў? Пра гэта Еўрарадыё распавядае палітолаг, намеснік дэкана Факультэта сусветнай эканомікі і сусветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі Расіі Андрэй Суздальцаў.

 

Расія праз розныя датацыі і крэдыты падтрымала Беларусь на $116 млрд

 

Еўрарадыё: Слухаю “Коммерсантъ FM” — там палітычны аглядальнік Дзмітрый Дрыза кажа, што Масква можа прымусіць Аляксандра Лукашэнку адмовіцца ад улады. Партал “Росбалт” ідзе яшчэ далей: на яго старонках палітычны аглядальнік Аляксандр Жаленін заяўляе, што Крэмль узяў курс на паглынанне Беларусі. Чаму ў расійскіх СМІ надаецца столькі ўвагі нашай краіне?

Андрэй Суздальцаў: Найперш трэба разумець, што расійскі прэзідэнт праз некалькі гадоў сыходзіць у адстаўку — гэта яго апошні тэрмін. Таму ён хоча паспець правесці ў Расіі рэформы, якія доўга адкладаліся — дарагія і не вельмі папулярныя. І паспець навесці парадак, такі, якім ён бачыцца Крамлю ў адносінах як з вялікі дзяржавамі, так і з суседзямі.

Беларусь, як вядома, усім у сённяшніх адносінах з Расіяй задаволеная: яна мае адтуль не толькі гарантаванае забеспячэнне фінансамі, але і можа перыядычна звяртацца ў Маскву для вырашэння нейкіх надзённых праблем. Напрыклад, папрасіць даць больш нафты або газу ці яшчэ мільярд долараў крэдыту. Расія, пачынаючы з траўня, некалькі разоў намякала, што такая мадэль саюзных адносін мусіць быць зменена.

У адказ Лукашэнка стварыў крызісны ўрад Румаса — самы прафесійны ўрад за ўсе гады яго кіравання краінай. Адначасова прадэманстраваўшы, што нешта змяняць у існуючых інтэграцыйных працэсах кіраўнік Беларусі не хоча. Адсюль і пайшлі розныя канспіралагічныя версіі наконт таго, што калі так справа пойдзе і далей, дык трэба як мінімум прымусіць Аляксандра Лукашэнку падзяліцца ўладай. А некаторыя пайшлі далей і заявілі: трэба чакаць, што ён да выбараў увогуле не будзе дапушчаны.

Але зараз не пра канспіралогію, а пра рэчаіснасць. У рэчаіснасці мы маем “дыялог глухіх”. Расія прызнае, што ёсць пэўныя пытанні па падатковым манеўры, па доступе [беларускіх тавараў] на расійскі рынак. Але, маўляў, гэтыя пытанні не ўзніклі б, калі была б нармальная інтэграцыі Расіі і Беларусі. Лукашэнка ж лічыць, што ідзе нармальная “датацыйная” інтэграцыя. Для ілюстрацыі: на 1 лютага 2018 года падтрымка Расіяй Беларусі праз розныя датацыі, дапамогі, крэдыты і гэтак далей — $116 млрд.

Цяжка сказаць, як у такой сітуацыі адстойваць суверэнітэт дзяржавы, права на незалежную знешнюю палітыку. Хаця гэта робіцца, і Расія не вельмі гэтаму перашкаджае. Бо лічыць, што гэта права беларускага народа і Лукашэнкі як кіраўніка краіны. Праўда, узнікае пытанне, чаму Расія павінна аплачваць гэта права.

 

Галоўная задача Бабіча — прасачыць, каб беларусы адчулі, што Расія побач

 

Еўрарадыё: Ці прыйшоў час асцерагацца, што Расія паглыне Беларусь, як пра гэта піша “Росбалт”?

Андрэй Суздальцаў: Ніколі з боку расійскіх уладаў не было сказана ні слова пра нейкія планы паглынання Беларусі. Больш за тое: незалежная Беларусь патрэбная Расіі. Прычым у любым фармаце — хто б там ні быў пры ўладзе. Нават калі пры ўладзе будуць самыя антырасійскі сілы. Праваслаўная, пераважна праваслаўная краіна, якая знаходзіцца паміж Расіяй і Польшчай, проста неабходна Расіі. Расія падтрымлівала дзяржаўнасць Беларусі да Лукашэнкі, падтрымлівала пры Лукашэнку і будзе падтрымліваць пасля Лукашэнкі. Гэта адзін з элементаў выжывання Расіі. І навошта гэта разбураць, займацца эканамічна нявыгадным праектам паглынання Беларусі, незразумела.

Што да Міхаіла Бабіча, задача якога нібыта ў тым, каб арганізаваць гэта паглынанне Беларусі Расіяй, дык яго функцыя іншая. Уся тая падтрымка, якую аказвае Расія Беларусі, часцей за ўсё не даходзіць да беларускага народа. Гэтая фінансавая і сыравінная падтрымка падаецца як поспех Лукашэнкі і яго адміністрацыі. А калі нешта ідзе не так, дык у гэтым абвінавачваецца Расія. Задача Бабіча ў тым, каб гэтая дапамога хоць неяк даходзіла да беларускага народа. Каб той адчуваў, што ён не адзін, не кінуты, што побач з ім ёсць Расія. І каб гэтая дапамога не асядала выключна ў кішэнях прыўладных беларускіх алігархаў. У гэтым галоўная задача Бабіча.

Еўрарадыё:У вашы словы пра тое, што Расія будзе падтрымліваць незалежнасць Беларусі, нават калі тут будуць пры ўладзе антырасійскія сілы, мне мала верыцца.

Андрэй Суздальцаў: Ізноў на прыкладзе: прыехаў у Маскву Мікол Пашынян — лідар, які прыйшоў да ўлады на хвалі рэвалюцыі і адразу заявіў, што бярэ курс на Захад. Ну і што? Калі народ Арменіі гэты выбар новага лідара і новага ўрада краіны задавальняе, то як мусіць рэагаваць Расія — танкі ў Арменію ўводзіць? Гэта немагчыма ў прынцыпе. Тое ж стаўленне будзе і ў тым выпадку, калі беларускі народ падтрымае нейкія палітычныя сілы, якія абвесцяць празаходні курс развіцця краіны.

 

Хто ездзіць у Маскву і вырашае эканамічныя праблемы, той і мае ўладу ў Беларусі

 

Еўрарадыё: Расія проста паставіць на месца Лукашэнкі свайго чалавека, на што намякае аглядальнік “Коммерсантъ FM”.

Андрэй Суздальцаў: Расія не будзе ўлазіць ні ў якія палітычныя працэсы ў рэспубліцы. Яна не будзе гуляць на палітычным полі Беларусі – ніколі. Іншая справа, калі Расія паступова зменіць фармат саюзных адносін, і Беларусь вымушаная будзе жыць без масіраванай падтрымкі Расіі, дык тады, падазраю, Лукашэнка проста не ўтрымае ўладу. Бо Беларусь жыве па простай формуле: той, хто ездзіць у Маскву і вырашае эканамічныя праблемы, той і мае ўладу. Калі Лукашэнка не зможа вырашаць у Маскве праблемы беларускіх эканамічных колаў — дырэктараў, бізнесменаў, банкіраў — я не здзіўлюся, што хутка з’явіцца вылучэнец гэтых эканамічных і палітычных кланаў.

Такому павароту Масква была б вельмі радая. Бо нам няма сэнсу ставіць у Мінску нейкіх сваіх стаўленікаў — яны вельмі дорага абыходзяцца. Нас бы цалкам задаволіў нацыянальны лідар, які б разумеў неабходнасць захавання незалежнасці рэспублікі і меў бачанне таго, як яна будзе жыць далей. Бо немагчыма ж столькі часу Беларусь утрымліваць!

 

Цалкам размову з Андрэем Суздальцавым можна паслухаць тут:

Малаверагодным лічыць паглынанне Беларусі Расіяй і беларускі палітолаг Валерый Карбалевіч.

Размову з Валерыем Карбалевічам у студыі Еўрарадыё можна паслухаць і паглядзець тут:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі