Кобец: "Палітвязні нічога не атрымаюць ад "міратворца" Лукашэнкі"

2 чэрвеня ў “Беларускім доме” ў Варшаве адбылася прэзентацыя рапарта “Захаванне сістэмнага крызісу правоў чалавека ў Беларусі: Цана міратворчай місіі Лукашэнкі”. Прэзентавалі яго праваабаронцы Юрый Джыбладзэ (Цэнтр развіцця дэмакратыі і правоў чалавека) і Вольга Захарава (Freedom Files).

У рапарце адлюстраваная сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі за апошнія 4,5 года (пачынаючы з хвалі рэпрэсій пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 г.). Праваабаронцы адзначаюць, што ніякага прагрэсу ў сферы правоў чалавека за гэты час не адбылося, а ніводная з рэкамендацый міжнародных арганізацый у гэтай галіне не была выкананая. Не палепшыць сітуацыю і актыўнасць беларускага кіраўніка ў арганізацыі перамоваў бакоў расійска-ўкраінскага канфлікту, адзначае былы палітвязень і судырэктар “Беларускага дома” ў Варшаве Улад Кобец:

Кобец: “Па-першае, хацеў бы адзначыць сваё вельмі скептычнае стаўленне да саміх мінскіх пагадненняў, і лічу іх памылковымі. Па-другое, Лукашэнка ніякага дачынення да саміх пагадненняў не мае. Гэта проста пляцоўка, на якой былі бакі, якія перамаўляліся, Лукашэнка гэтым бокам не з’яўляецца. Таму вобраз міратворца, які яму зараз імкнуцца ляпіць, ён штучны і памылковы. Нічога добрага ад гэтага, на жаль, ні краіна, ні палітвязні не атрымаюць”.

Праваабаронцы ў дакладзе адзначаюць залежнасць рэжыму Лукашэнкі ад крэдытаў, кажа Кобец. Каб Захад вылучыў Беларусі фінансавую дапамогу, ён ставіць галоўную ўмову — вызваленне шасці палітычных вязняў, якія сёння ёсць у Беларусі. Аднак, на думку былога палітвязня, падзейнічаць як на беларускі, так і на расійскі рэжым могуць толькі эканамічныя санкцыі.

Кобец: “Калі мы кажам сёння пра Беларусь, мы павінны разумець, што расійскія войскі ёсць у Беларусі, што Лукашэнка не з’яўляецца самастойным палітыкам, што ён нічога без волі Крамля не можа зрабіць. З гэтага мы і сыходзім, а любыя гульні і спробы выцягнуць гэты рэжым на міжнародную арэну з-пад санкцый і візавых забаронаў — гэта памылка, якая вельмі дрэнна нам адгукнецца”.

Фота — dw.de

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі