Кіраўнікі дыпмісій ЕС сустрэліся са сваякамі беларусаў, забітых на пратэстах
Сустрэча са сваякамі беларусаў, забітых на пратэстах / www.facebook.com/EUinBelarus
7 лютага кіраўнікі дыпмісій ЕС сустрэліся ў Мінску са сваякамі беларусаў, забітых на пратэстах. У сустрэчы прынялі ўдзел і родныя некалькіх палітычных вязняў Беларусі. Сярод іх была Марына Адамовіч — жонка палітыка Мікалая Статкевіча.
"#БеларусьМыРазам ў гэты Дзень салідарнасці і кожны дзень, пакуль усе палітычныя зняволеныя не выйдуць на свабоду і ўсе вінаватыя не будуць прыцягнутыя да адказнасці", — напісаў па выніках сустрэчы кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Дырк Шубель.
Ён падкрэсліў, што недапушчальна пераследваць і забіваць людзей толькі за тое, што яны мірна патрабавалі захавання сваіх асноўных правоў.
Па стане на 7 лютага ў Беларусі — 228 палітвязняў. Некаторыя з іх сядзяць за кратамі ўжо больш за 8 месяцаў. Некалькі чалавек падчас пратэстаў, якія пачаліся пасля прэзідэнцкіх выбараў, былі забітыя або знойдзеныя мёртвымі пры дзіўных абставінах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.