Кіраўнік КДБ: Гайдукова могуць асудзіць не за "здраду дзяржаве"

Кіраўнік КДБ перакананы ў аб'ектыўнасці расследавання "справы Андрэя Гайдукова", абвінавачанага ў дзяржаўнай здрадзе. "Няма сумневаў, што ўсё будзе аб'ектыўна. Ніхто нічога хаваць не будзе, за выключэннем дзяржаўнай таямніцы", — заявіў Вакульчык. Нагадаем, што працэс над слесарам з наваполацкага "Нафтана" ідзе ў Віцебскім абласным судзе ў закрытым рэжыме.


Разам з тым, Вакульчык кажа: не факт, што Гайдукова асудзяць менавіта за здраду дзяржаве, адзначае interfax.by.


Таксама Вакульчык паведаміў, што КДБ затрымаў яшчэ аднаго падазраванага ў зборы інфармацыі для замежнай разведкі. Ён адмовіўся раскрываць падрабязнасці справы. Адзначыў толькі, што "шпіён — гэта не абавязкова грамадзянін Рэспублікі Беларусь".
 

Нагадаем, закрыты суд над Андрэем Гайдуковым пачаўся 12 чэрвеня ў Віцебску. Моладзевы апазіцыйны дзеяч з Наваполацка Андрэй Гайдукоў быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ у Віцебску 8 лістапада 2012 года. Хлопца вінавацяць у “навязванні Рэспубліцы Беларусь палітычнага курсу, які не адпавядае яе нацыянальным інтарэсам, што шукаў фінансаванне на сваю дзейнасць у фондзе пасольства ЗША і ў закліках да кропкавых санкцыяў”. За здраду радзіме хлопцу пагражае да 15 гадоў турмы.

Маці Андрэя Гайдукова, каментуючы выказванне кіраўніка КДБ, выказала меркаванне, што замест абвінавачвання ў здрадзе дзяржаве, сыну інкрымінуюць толькі намер.

Вольга Гайдукова: "Мне пакуль нічога не вядома. Пакуль усё як ёсць... Калі яго затрымлівалі, першапачаткова яны хацелі яму даць "намер здрады". Там усё прасцей. Хочацца спадзявацца на лепшае".

Нагадаем, што Вользе Гайдуковай далі дазвол выступіць на судзе ў якасці сведкі. Хадайніцтва ўжо падпісанае. Калі яе запросяць у суд, пакуль не вядома.

Праваабаронца Алег Воўчак выказвае меркаванне, што Гайдукова могуць асудзіць не за здраду і шпіянаж, а па артыкуле Крымінальнага кодэкса 369-1 "Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь", які прынялі некалькі год таму. Гэты артыкул прадугледжвае арышт да 6 месяцаў ці пазбаўленне волі да двух гадоў.

Алег Воўчак: "Не выключана, што менавіта па гэтым артыкуле. Ён мяккі і здыме такі грамадскі рэзананс. Як я і казаў паўтара месяца таму, артыкул могуць перакваліфікаваць. Я лічу, што шпіянажу не будзе і здрады дзяржаве не будзе".

Улады, лічыць Воўчак, не хочуць мець яшчэ аднаго палітвязня перад самітам Усходняга партнёрства, таму прысуд можа быць не жорсткім. Заява старшыні КДБ правярае рэакцыю грамадскай думкі і міжнародных арганізацый.

"У мяне выклікала падазрэнні, калі Вакульчык казаў, што суд будзе закрытым. Цяпер Вакульчык кажа, якое можа быць рашэнне суда — пры тым, што працэс закрыты. І хаця КДБ расследавала справу, цяпер яно не мае адносінаў да судовага следства. Невыпадкова Таццяне Севярынец прыйшоў ліст ад Гайдукова, дзе ён цалкам перапісаў абвінавачанне, якое яму выставілі. Гэта быў укід у грамадскае меркаванне... Вось цяпер другі крок — яшчэ раз паглядзець, як зрэагуе грамадская думка", — дадае Алег Воўчак.

Маці Гайдукова: Раней я лічыла, што ў нас усё добра ў краіне, а цяпер бачу, што не

Фота: biathlon.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі