Кіраўнік Цэнтральнага раёна Мінска назваў домікі Асмалоўкі "каробкамі"

Кіраўнік Цэнтральнага раёна Мінска назваў домікі Асмалоўкі "каробкамі"

14 чэрвеня стала вядома, што Мінскія ўлады гатовыя знесці Асмалоўку — гістарычны квартал у цэнтры Мінска. На сайце Цэнтральнага раёна сталіцы з'явіўся праект забудовы: на месцы двухпавярховых домікаў, пабудаваных у 1940-я — 1950-я, мусяць з'явіцца жылыя дамы на 4-12 паверхаў з падземнымі паркінгамі, два дзіцячыя садкі, офісныя пабудовы, пасаж "Старажоўскі" і культурны цэнтр са студыяй гуказапісу "Спамаш".

Грамадскі актывіст Антон Матолька ў гэты ж дзень трапіў на прыём да кіраўніка раёна Ігара Бузоўскага і начальніцы аддзела архітэктуры раёна Вікторыі Далгоўскай. Па словах чыноўнікаў, канчатковага рашэння пра знос квартала пакуль няма. Няма на гэты момант і інвестара, які хацеў бы заняцца забудовай Асмалоўкі. Але план развіцця квартала ўсё роўна будзе абмяркоўвацца, інвестара будуць шукаць пасля.

Кіраўнік Цэнтральнага раёна Мінска назваў домікі Асмалоўкі "каробкамі"
Ігар Бузоўскі. Фота: БелТА.

На думку Ігара Бузоўскага, у Асмалоўцы ёсць як людзі, якія хацелі б застацца там жыць, так і тыя, хто хоча больш камфортных умоваў. Таму трэба шукаць кампрамісы паміж жаданнямі людзей і інтарэсамі горада. "Магчыма, інвестар зробіць ім прапановы, ад якіх яны не захочуць адмаўляцца, — сказаў Бузоўскі. — Магчыма, там такія прапановы будуць, што людзі нам скажуць: "Дзякуй! Я ў гэтым хляве [маюцца на ўвазе некаторыя домікі Асмалоўкі. — Еўрарадыё] жыць не хачу. А хлявы там ёсць".

Далей размова зайшла пра навабуд, які ўжо ўціснуты ў квартал. Антон Матолька заўважыў, што гэта "аграгламур", і гістарычнай забудовай там не пахне. 

Кіраўнік Цэнтральнага раёна Мінска назваў домікі Асмалоўкі "каробкамі"
"Дом Шакуціна" ў Асмалоўцы. Фота: CityDog.by

Але Ігар Бузоўскі запярэчыў: дом яму падабаецца, у адрозненне ад "каробак", пабудаваных у 1950-я: "Захаванне гэтых каробак... Скажу вам, гэта не тое, што хацелася б там бачыць, у тым ліку і мне. Проста каробкі — праз тое, што яны там стаялі з 1950-х? А зрабіць іх нанова, як цукеркі — гэта грошы. Але гэтую суму можна ўкласці нашмат больш эфектыўна, яшчэ і зарабіць гораду", — сказаў чыноўнік.

26 чэрвеня ў 18:30 у будынку адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска адбудзецца прэзентацыя праекта забудовы. У гэты ж дзень пачнецца грамадскае абмеркаванне, якое працягнецца да 17 ліпеня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі