Вы тут

КДК: Планшэты дэлегатам усебеларускага сходу патрэбныя для мабільнасці

Мінгарвыканкам, які абвяшчаў тэндар на закупку планшэтаў для ўдзельнікаў Усебеларускага сходу, пакінуў без разгляду калектыўны зварот грамадзян з нагоды закупкі планшэтаў, бо ён “не адносіцца да кампэтэнцыі Мінгарвыканкама”. Пра гэта гаворыцца ў адказе, які атрымала лідар Хрысьціянска-дэмакратычнага руху, каардынатар БХД па Мінску Вольга Кавалькова.

А ў адказе з Камітэта дзяржкантролю (КДК) паведамляецца, што выдаткі на арганізацыю і правядзенне сходу, у тым ліку на пражыванне дэлегатаў і набыццё для іх сувенірнай прадукцыі рабілася “ў адпаведнасці з зацверджаным каштарысам”, а “фактаў выкарыстання бюджэтных сродкаў з парушэннем бюджэтнага заканадаўства не праглядаецца”.

У адказе з КДК таксама паведамляецца, што “пакупка планшэтаў і ўручэнне іх дэлегатам Усебеларускага народнага сходу з’яўлялася адным са спосабаў больш мабільнага і эфэктыўнага ўдзелу ў сходзе і выкарыстоўвалася ў якасці інфармацыйнага рэсурсу”.

Паводле пункту 1.8 артыкула 22 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь” дзяржаўны служачы “не мае права прымаць маёмасць (падарункі) або атрымліваць іншую выгаду ў выглядзе паслугі ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў, за выключэннем сувеніраў, якія ўручаюцца пры правядзенні пратакольных і іншых афіцыйных мерапрыемстваў. Атрыманыя імі пры правядзенні афіцыйных мерапрыемстваў сувеніры, кошт якіх перавышае пяць базавых велічынь, перадаюцца ў даход дзяржавы на рашэнне камісіі, што ствараецца кіраўніком дзяржаўнага органу, у якім дзяржаўны служачы займае дзяржаўную пасаду”.

Кожнаму дэлегату — дзяржаўнаму служачаму быў падараваны сувенір у выглядзе планшэта Samsung Galaxy Tab 7.0, прыкладны кошт якога на дату правядзення мерапрыемства складаў 4,1 мільёна недэнамінаваных рублёў, што складае 19,5 базавых велічынь, перадае Радыё Свабода.