Хоча быць “суперпрэзідэнтам”? Навошта Лукашэнку пасада старшыні УНС

Разам з Паўлам Усавым разбіраемся у сцэнары “несыходу” з улады

Разам з Паўлам Усавым разбіраемся у сцэнары “несыходу” з улады / @rubanau_collage

Улады намагаюцца прапісаць і прадбачыць усе самыя негатыўныя сцэнары і быць да іх падрыхтаванымі. Так доктар палітычных навук Павел Усаў тлумачыць жаданне Лукашэнкі займаць пасаду не толькі прэзідэнта, але і кіраўніка Усебеларускага народнага сходу.

“У 2020-м яны да гэтага абсалютна не былі падрыхтаваныя — поўны правал. І гэта таксама на перспектыву і 2025-ы год. І на перспектыву далейшую. Бо задача Лукашэнкі не тут і цяпер вырашыць праблемы, а захаваць уладу на далёкую перспектыву. І, магчыма, рэалізаваць сцэнар пераемнікаў — прызначыць каго-небудзь са сваёй сям’і, свайго клану. Вядома, асноўнае, на што абапіраецца Лукашэнка, — гэта тэрор, рэпрэсіі і карніцкія структуры, якія ён робіць прэтарыянцамі — уласнай гвардыяй. Яны сёння маюць усе магчымыя сродкі, каб абараніць свайго прэзідэнта”. 

На думку Усава, блытаніна з функцыямі старшыні Усебеларускага народнага сходу звязаная з чаканнямі, што Лукашэнка будзе змушаны пакінуць пасаду прэзідэнта пад прымусам Крамля. Таму ён і рыхтуе гэтую пасаду з ключавымі функцыямі для сябе ў межах Сходу.

“У нейкай ступені паўтараецца варыянт Назарбаева, калі ён сабе прапісаў у межах Савета бяспекі пэўныя функцыі. Гэта яго не выратавала. Але ён сышоў толькі таму, што ўжо не мог выконваць свае функцыі праз фізічны стан. Зараз Лукашэнка відавочна жадае кансалідаваць усе ўладныя рэсурсы ў сваіх руках і кантраляваць усе структуры, якія ён сам панаствараў, бо, вядома, у такіх умовах прызначыць кагосьці прэзідэнтам, а самому застацца старшынёй вось гэтага прэзідыума УНС — гэта стварае дысбаланс улады”. 

Хоча быць “суперпрэзідэнтам”? Навошта Лукашэнку пасада старшыні УНС
Назарбаеў і Лукашэнка / фота: Віктар Талочка

Тое самае ў Казахстане: прыход Такаева, умоўны сыход Назарбаева стварыў дысбаланс, нагадвае Усаў.

“Нават ва ўмовах Лукашэнкі розныя палітчныя дзеячы, якія падаюцца нам абсалютна бесхрыбетнымі, фармуюць свае цэнтры ціску. Тая ж Качанава — ёсць група, якая змагаецца за тое, каб кантраляваць тыя ці іншыя пазіцыі. А ўявіце сабе, як зменіцца сітуацыя, калі ўмоўная Качанава стане прэзідэнтам, што будзе падцягваць сваіх людзей. А Лукашэнка стане суперпрэзідэнтам. Так ці інакш, будуць супярэчнасці. Таму яму гэта рабіць небяспечна. Тым больш калі стан здароўя будзе пагаршацца, станавіцца менш эфектыўным. Тады вось гэты другі цэнтр будзе набіраць вагу і моц”.

Усаў робіць такую выснову: пакуль Лукашэнка ў стане функцыянаваць, ён будзе спалучаць гэтыя дзве пасады — прэзідэнта і “суперпрэзідэнта”.

“Потым, магчыма, будзе выпрацаваны нейкі новы механізм пераходу ўлады ці транзіту, напрыклад, ад бацькі да сына. Тады ён можа заставацца умоўным дахам для новага палітыка. Прэзідэнт будзе фармальна выконваць тэхнічныя функцыі пад парасонам Лукашэнкі. На перспектыву гэта можа спрацаваць, але ўсё залежыць ад таго, як будуць разгортвацца падзеі ў рэгіёне”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі