Вы тут

КДБ заявіў, што Аляксандр Фядута затрыманы

Аляксандр Фядута / З архіву Еўрарадыё

КДБ заявіў, што палітолаг Аляксандр Фядута затрыманы "па непасрэдна ўзніклым падазрэнні ў здзяйсненні злачынства". Ён праходзіць падазраваным па крымінальнай справе разам з лідарам Партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым, які таксама знаходзіцца ў СІЗА КДБ. "Поўную інфармацыю па данай сітуацыі" КДБ абяцае агучыць "пасля правядзення неадкладных следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў", паведамляе БЕЛТА.

12 красавіка, пасля заявы жонкі Фядуты Марыны Шыбко пра яго знікненне, палітолага пачала шукаць маскоўская паліцыя. Невядома, ці ён быў затрыманы ў Беларусі, ці ў Расіі.

Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Шклове. Па словах яго зяця Змітра Антончыка, супрацоўнікі КДБ казалі, што крымінальную справу распачалі ў звязку "з заклікамі да дзеянняў, накіраваных на захоп улады ў Беларусі".

Аляксандр Фядута ў 1994-1995 гадах быў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі, займаў пасаду начальніка ўпраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзідэнта. Пасля ён супрацоўнічаў з недзяржаўнымі выданнямі, выдаў кнігу пра Лукашэнку.

Фядута і Кастусёў былі ў СІЗА КДБ пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.