За што затрымалі Кастусёва? Зяць палітыка кажа пра справу за "захоп улады"

За што затрымалі Кастусёва? Зяць палітыка кажа пра справу за "захоп улады"

12 красавіка ў СІЗА КДБ у Мінску быў дастаўлены лідар партыі БНФ Рыгор Кастусёў. 13 красавіка дома ў яго зяця Змітра Антончыка супрацоўнікі КДБ правялі ператрус. 

Спярша з'явілася інфармацыя, што палітык — падазраваны па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Такім чынам, пераслед палітыка мог бы быць звязаны са спробай арганізаваць святкаванне Дня Волі 25 сакавіка.

Аднак зяць Кастусёва Зміцер Антончык расказаў Еўрарадыё, што падчас ператрусу ў яго дома супрацоўнікі КДБ агучылі іншую прычыну затрымання. Маўляў, ператрус адбываецца ў межах крымінальнай справы ў звязку з заклікамі да дзеянняў, накіраваных на захоп улады ў Беларусі.

— Ад супрацоўнікаў КДБ прагучала: “Дзеянні, накіраваныя на захоп улады”. Мне супрацоўнікі КДБ расшыфравалі артыкул так. Я яшчэ ўдакладніў у супрацоўнікаў, маўляў, яго ў адну кампанію са Статкевічам і Ціханоўскім? Супрацоўнік адказаў: “Я не магу каментаваць”, — расказвае Еўрарадыё Антончык.

За што затрымалі Кастусёва? Зяць палітыка кажа пра справу за "захоп улады"
Зміцер Антончык

Такім чынам, Кастусёву могуць інкрымінаваць артыкул 361 КК. Па ім палітыку можа пагражаць да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Нараканняў на тое, як праходзіў ператрус, у Змітра Антончыка няма.

— Ператрус праводзілі супрацоўнікі КДБ. Забралі мой асабісты камп'ютар, сістэмны блок. Таксама забралі страйкбольны аўтамат, забралі некалькі дзясяткаў кніг, дыскі. Ператрус цягнуўся дзесці тры гадзіны, ён быў звязаны толькі з Рыгорам, да мяне ў іх пакуль ніякіх пытанняў няма. Таксама пытанняў па працэдуры, па тым, як гэта ўсё адбывалася, у мяне няма. Ператрус рабілі ветліва і далікатна.

Страйкбольны аўтамат у мяне таму, што раней займаўся. Ён у непрацоўным стане ляжаў разукамплектованы. Я яго выдаў ім сам, каб не было пытанняў.

З чым дакладна можа быць звязаны ператрус, Зміцер Антончык не ведае.

Вельмі складана сказаць. Я быў учора шакаваны, таму што, мяркуючы па маіх ранейшых размовах з Рыгорам, я не бачыў ніякіх дзеянняў, якія б маглі выклікаць такую справу.

Рыгору Кастусёву 63 гады. Сёлета яго партыя была адной з заяўніц на правядзенне Дня Волі. Але ўлады адмовілі, паралельна заявіўшы, што ў Беларусі на 25 сакавіка рыхтуецца тэракт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі