Вы тут

Карысныя пры COVID-19 вітамін D і цынк зніклі з мінскіх аптэк

Вітаміны — карысная рэч, але варта памятаць і пра здаровае харчаванне / pixabay

Вітамін D і цынк могуць быць карысныя для ўмацавання імунітэту ў перыяд пандэміі каранавіруса: як мяркуецца, гэтыя рэчывы палягчаюць цячэнне хваробы ў інфіцыраваных COVID-19, лічаць навукоўцы.

На фоне гэтых паведамленняў попыт на прэпараты з вітамінам D і цынкам моцна вырас. У выніку знайсці іх у аптэках Беларусі практычна немагчыма.

Недарагія прэпараты ёсць у нешматлікіх аптэках, пераважна за межамі Мінска. Прасцей знайсці дарагія, аднак, мяркуючы па пошуку на tabletka.by і інфармацыі даведачных аптэк сталіцы, іх таксама застаецца няшмат.

Вітаміны і мінералы карысныя пры COVID-19?

Паводле апошніх даследаванняў, карысць для імуннай сістэмы пацыентаў з каранавірусам маюць не толькі цынк і вітамін D, але таксама селен, амега-3 тлустыя кіслоты, вітаміны C і Е.

"Усе згаданыя пажыўныя рэчывы могуць адыгрываць важную ролю ў падтрымцы пацыентаў з COVID-19. Даданне больш высокіх доз вітамінаў D, C і цынку можа мець станоўчы эфект падчас інфекцыі COVID-19​", — піша міжнародная група даследчыкаў.

Зараз для праверкі гэтай тэорыі праводзяцца клінічныя выпрабаванні.

"У цэлым, улічваючы нязначны профіль рызыкі кантралюемых харчовых дабавак, супастаўлены з вядомымі і магчымымі перавагамі, уяўляецца мэтазгодным забяспечыць адэкватнае, калі не падвышанае, спажыванне гэтых ключавых вітамінаў і мінералаў людзьмі, якія як падвяргаюцца рызыцы, так і хварэюць на COVID-19", — гаворыцца ў папярэдніх выніках навуковай працы.

Варта адзначыць, што названыя рэчывы карысныя для імуннай сістэмы ў цэлым. Пры гэтым у многіх назіраецца недахоп цынку, а вітамін D неабходны практычна ўсім жыхарам Паўночнага паўшар'я з восені да вясны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.