Вы тут

Карчэўская, Лапцева, Бахановіч: Лукашэнка абнавіў кіраўніцтва беларускіх ВНУ

Рэктары МДЛУ, БрДТУ і БДУК Наталля Лапцева, Аляксандр Бахановіч і Наталля Карчэўская / @pul_1​

Аляксандр Лукашэнка, як і абяцаў, вырашыў "кадравую праблему" ў ВНУ, дзе студэнты, паводле яго слоў "нядбайна" ставяцца да вышэйшай адукацыі. Новыя рэктары з'явіліся ў МДЛУ, БДУК і Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, паведамляе ТГ-канал "Пул Першага".

Ва ўніверсітэт культуры вяртаецца першая намесніца міністра культуры Наталля Карчэўская. Два гады таму яна сышла працаваць у міністэрства з пасады першага прарэктара БДУКМ. А пасля імклівага звальнення ў канцы жніўня з пасады рэктара Аліны Корбут вярнулася выконваць абавязкі рэктара.

Новым рэктарам Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта стала Наталля Лапцева. Да прызначэння яна працавала дэканам факультэта нямецкай мовы. Ранейшы рэктар Наталля Баранава ўсю восень спрабавала пагасіць актыўнасць студэнтаў, якія выходзілі на акцыі супраць гвалту, але так і не змагла.

Рэктарам БрДТУ прызначаны Аляксандр Бахановіч, які дагэтуль працаваў прарэктарам па вучэбнай рабоце БНТУ.

Нагадаем, 9 кастрычніка Лукашэнка пракаментаваў студэнцкія пратэсты: "Паводзіны часткі студэнтаў паказвае іх, мякка кажучы, нядбайнае стаўленне да вышэйшай адукацыі". Ён заявіў, што рэктары ВНУ недапрацоўваюць, і паабяцаў вырашыць кадравую праблему ў ВНУ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.