Вы тут

Каранавірус або палітычная пазіцыя? Фестываль Юрыя Башмета зноў "адклалі"

На фестывалі Юрыя Башмета / belarus.by

Другі год запар аматары класічнай музыкі не могуць трапіць на фестываль Юрыя Башмета ў Беларусі. Да 2020-га мерапрыемства праходзіла штогод, яго праводзіў Расціслаў Крымер, і гэта была адна з найбуйнейшых міжнародных падзей у краіне.

На фестываль прыязджалі знакамітасці, і маладыя музыкі маглі выступаць з імі на адных сцэнах. На канцэртах былі аншлагі. Але з мінулага года нешта пайшло не так і традыцыя парушылася.

"Увосень рэпетыцый практычна не было. Адны музыкі кажуць, што фестывалю не будзе праз палітычную пазіцыю мастацкага кіраўніка, другія лічаць, што прычына не ў гэтым", — паведамляе крыніца Еўрарадыё.

Расціслаў Крымер і аркестр / фэйсбук

У афішы філармоніі мерапрыемства сапраўды не анансуецца. Там кажуць, што ўдакладняць прычыну трэба непасрэдна ў Расціслава Крымера.

Мы паспрабавалі з ім звязацца, але музыка не адклікаецца ні ў сацсетках, ні па тэлефоне.

"Наш канцэрт быў запланаваны на 14 кастрычніка, але, на жаль, ён не адбудзецца, — расказвае кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Аляксандр Анісімаў. — Дырэктар філармоніі абвясціў нам пра рашэнне Міністэрства культуры перанесці фестываль на няпэўны тэрмін. Мяркую, што гэта звязана з кавідам, але афіцыйнай прычыны нам не агучвалі".

У цэнтры — Аляксандр Анісімаў / фэйсбук

Маэстра згаджаецца з тым, што, нягледзячы на каранавірус, у Беларусі праходзіць шмат розных мерапрыемстваў. Толькі ў адной філармоніі канцэрты даюць практычна штодня. У той жа час ён тлумачыць, што арганізаваць міжнародны фестываль цяпер няпроста:

"Ёсць пытанні з запрашэннем замежных гасцей. Канцэрты адмяняюцца па ўсім свеце не толькі праз тое, што нехта не хоча ці баіцца на іх хадзіць, а таму, што не прыязджаюць самі госці".

Ці маглі адкласці фестываль праз палітычныя погляды мастацкага кіраўніка?

На гэтае пытанне адказу ў суразмоўніка няма. Затое яго ведаюць ва ўпраўленні прафесійнага мастацтва і культуры Мінкульта.

"У творчых колах часам фантазуюць, — кажуць там. — Пакуль невядома, будзе праходзіць фестываль у гэтым годзе ці не. Мы напісалі ўсім, у тым ліку СМІ, афіцыйныя лісты пра тое, што фестываль адкладаецца да стабілізацыі эпідэміялагічнай сітуацыі. Іншай інфармацыі няма і не існуе".

Ці будзе далей Расціслаў Крымер займацца арганізацыяй праекта, над якім працаваў з 2006 года?

"Расціслаў Крымер знаходзіцца ў Германіі. Ён — мастацкі кіраўнік фестывалю, а арганізатары — Мінгарвыканкам і Міністэрства культуры, наўрад ці яны зменяцца. Наогул, ёсць пастанова Саўміна, і яе яшчэ ніхто не мяняў. Хто займаўся [фестывалем Юрыя Башмета], той і займаецца. Калі мастацкі кіраўнік будзе жывы-здаровы, а мы спадзяёмся, што так і будзе, усё будзе працягвацца так, як і раней", — тлумачаць у Мінкульце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.