"Канкурэнцыя — усюды". Ці ўратуе беларускі бізнес новы ўказ Лукашэнкі?

Беларусы абмяркоўваюць праект указа аб бізнесе

Беларусы абмяркоўваюць праект указа аб бізнесе / unsplash.com

"Канкурэнцыя — усюды, дзе магчыма, дзяржаўнае рэгуляванне — там, дзе неабходна". Паводле такога прынцыпу рэжым Аляксандра Лукашэнкі збіраецца падтрымліваць беларускі бізнэс. Прынамсі, так прапісана ў праекце ўказа, які павінен памяняць дырэктыву "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці". Дакумент вынесены на грамадскае абмеркаванне.

На першы погляд, дакумент можа здацца досыць"прарыўным". Напрыклад, у адным з яго пунктаў гаворыцца аб прадастаўленні прыватным кампаніям права на давернае кіраванне дзяржаўнымі прадпрыемствамі, што можа павысіць эфектыўнасць іх працы як мінімум за кошт укаранення рынкавых падыходаў.

Што яшчэ прапануецца ў праекце ўказа — чытайце ў матэрыяле Еўрарадыё.


Дэбюракратызацыя і роўныя (?) умовы для ўсіх

Праект прапануе забараніць адміністрацыйныя працэдуры ў дачыненні да юрыдычных асоб і ІП па-за існымі законамі і пастановамі кіраўніка дзяржавы. Чаму яны ўжо тры дзесяцігоддзі магчымыя па–за заканадаўчай рамкай — не ўдакладняецца.

Там жа прапануецца зняць міжрэгіянальныя абмежаванні на гандаль. З фармальнага пункту гледжання: у бізнесменаў з'явіцца магчымасць свабодна прадаваць тавары і аказваць паслугі па ўсёй краіне без нейкіх дадатковых узгадненняў.

У ідэальным свеце пры прыняцці такіх мер кампаніі становяцца больш канкурэнтаздольнымі, а рынак збыту пашыраецца. Але гэта ў ідэальным свеце — дзе працаваў бы і дэкрэт № 7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва", які ўжо 8 гадоў як павінен быў выратаваць бізнес-клімат у краіне.


Магчымасці для дзелавой рызыкі

У праекце ўказа зноў вярнуліся да тэмы дэкрыміналізацыі эканамічнай дзейнасці, а таксама да "абароны бізнэсоўцаў ад неабгрунтаванага крымінальнага пераследу".

Напрыклад, бізнес павінен лічыцца сумленным, пакуль дзяржава не дакажа адваротнае — беларускія ўлады вынайшлі прэзумпцыю невінаватасці. Пры гэтым кантралюючы орган павінен аналізаваць прычыны правапарушэнняў і займацца іх папярэджаннем (усё зразумела).

“Конкуренция — везде”. Спасёт ли белорусский бизнес новый указ Лукашенко?
Аляксандр Кныровіч / Еўрарадыё
“Конкуренция — везде”. Спасёт ли белорусский бизнес новый указ Лукашенко?
Далучайцеся да абмеркавання праекта, яшчэ ёсць час / unsplash.com

Абмяркоўвайце

Далучыцца да абмеркавання праекта ўказа "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці" можна на прававым форуме Беларусі.

У сваіх першых заўвагах беларусы прапануюць ураду дазволіць прадпрымальнікам наймаць замежных грамадзян на выдаленую працу без іх прыезду ў Беларусь для заключэння працоўнага дагавора;

выключыць практыку дзяржаўных органаў па рассыланні прыватнаму бізнесу (а можа нават, і дзяржаўнаму) шматлікіх запытаў з патрабаваннямі патлумачыць, растлумачыць, даць справаздачу (бо ўся інфармацыя, якую бізнэс абавязаны прадастаўляць дзяржаўным органам, ужо ўстаноўлена ў нарматыўных актах, а дадатковыя запыты па-за рамкамі гэтых нормаў заканадаўства адцягваюць работнікаў бізнесу ад іх непасрэдных абавязкаў);

ўсталяваць для суб'ектаў малога прадпрымальніцтва права звяртацца для ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур, падачы дэкларацый, атрымання кансультацый, ліцэнзій і розных дазволаў у любыя тэрытарыяльныя дзяржаўныя органы па прынцыпе экстэрытарыяльнасці, а не па месцы рэгістрацыі (бо працоўнае месца канкрэтных работнікаў арганізацыі можа не супадаць з месцазнаходжаннем самой арганізацыі).

Грамадскае абмеркаванне працягнецца да 21 чэрвеня 2021 года. Далучайцеся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.