Кандыдатку папярэдзілі за "Ланцуг памяці" каля КДБ
Кандыдатка ў дэпутаты Алена Талстая атрымала папярэджанне ад акруговага выбаркама па Мінскай-Паўднёва-Заходняй выбарчай акрузе №99. Нагодай стаў удзел Талстой у "Ланцугу памяці" каля КДБ. Акцыя прайшла 29 кастрычніка — у гадавіну масавага расстрэлу беларускай інтэлігенцыі ў 1937 годзе.
Факт парушэння выбарчага заканадаўства з боку кандыдаткі выявілі сябры камісіі па іншай акрузе — Купалаўскай №95.
Камісія выявіла, што пікет каля КДБ быў прысвечаны ахвярам НКУС, не быў перадвыбарнай агітацыяй і не меў на мэце заахвоціць выбаршчыкаў да ўдзелу ў выбарах. Але ў закліках Талстой заўважылі іншае парушэнне
"Мела месца распаўсюджванне паведамленняў Талстой, якiя ўзбуджаюць нацыянальную варожасць (Саюз з Расіяй — заўсёды вайна, галеча, рэпрэсіі супраць беларусаў)", — гаворыцца ў рашэнні выбаркама.
У выніку кандыдатцы вынеслі папярэджанне за тое, што інфармацыйны стэнд на пікеце змяшчаў інфармацыю, не звязаную з выбарамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.