Вы тут

Канцэртмайстар аркестра Вялікага тэатра замест паходу ў РУУС з'ехала ў Літву

Рэгіна Саркісава / часопіс "Партер"

Звольненыя за выказванне грамадзянскай пазіцыі музыкі Вялікага тэатра Беларусі пераехалі ў Літву. Пра гэта "Народнай Волі" распавяла экс-канцэртмайстар аркестра і былая першая скрыпка Рэгіна Саркісава.

27 кастрычніка музыкі тэатра перад пачаткам спектакля публічна выказаліся супраць гвалту ў краіне. Пасля гэтага пяцёра з іх былі звольненыя. Гэта дырыжор Андрэй Галанаў, саліст Ілля Сільчукоў, канцэртмайстар аркестра Рэгіна Саркісава, музыкі аркестра Ала Джыган і Аляксандра Пацёміна.

Саркісава распавяла журналістам, што цяпер яна знаходзіцца ў Вільні. Яны з мужам прайшлі конкурс у аркестр музычнага тэатра Клайпеды. 

Экс-канцэртмайстар кажа, што не чакала такой жорсткай рэакцыі на выступ музыкаў перад спектаклем. "Я думала, што ўлепяць вымову, але каб у адзін момант звольніць, нават не перагаварыўшы са мной пасля 26 гадоў маёй працы канцэртмайстрам аркестра... Я ж была не самым апошнім чалавекам у тэатры. У галаве такое не ўкладваецца. Хоць я разумела, бачыла, што незаменных людзей у нас у краіне зараз няма, найлепшыя спецыялісты, выдатныя асобы пазбаўляліся працы. Але ў нашым Вялікім?!" — здзіўляецца Саркісава.

Па яе словах, чыноўнікі ўсіх узроўняў зрабілі выгляд, што не заўважаюць ліст грамадскасці ў абарону звольненых музыкаў, пад якім падпісаліся 1070 дзеячаў культуры Беларусі. 

Выезд Саркісавай у Вільню больш нагадваў эвакуацыю: "Гэта яшчэ адна няпростая гісторыя, зноў столькі перажыванняў... Глядзіце, як развіваліся падзеі. Прайшло ўжо нямала часу з дня майго выгнання з тэатра, калі днём 3 снежня мне патэлефанавалі з РУУС і кажуць: "Вы не з'явіліся па позве!" Я вельмі здзівілася, бо ніякай позвы я не атрымлівала. Тым не менш мне настойліва параілі прыйсці да іх ва ўпраўленне праз паўтары гадзіны. Спытала: "З якой нагоды?" Адказалі: "За зрыў мерапрыемства".

Ведаючы, што апошнім часам выклік у беларускую міліцыю можа скончыцца паездкай на Акрэсціна, Саакісава сабрала валізы і паехала ў Вільню. Фонд "Дапамога" паспрыяў, каб яна прайшла праз мяжу гуманітарным калідорам. 

"Дапамога" вельмі хутка спрацавала: мне патэлефанавалі з РУУС у гадзіну дня, а ў пяць вечара я ўжо была на мяжы з Літвой. Муж, праўда, змог прыехаць да мяне вось толькі нядаўна, на днях", — дзеліцца падрабязнасцямі экс-канфэртмайстар Вялікага тэатра.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.