Кампанія-вытворца вакцыны "Эўпента" адказала на абвінавачванні

Кампанія-вытворца вакцыны "Эўпента" адказала на абвінавачванні

Паўднёвакарэйская кампанія LG Chem даслала ў беларускае Міністэрства аховы здароўя ліст у сувязі з трагедыяй у Ганцавіцкім раёне, дзе пасля прышчэпкі памёр двухмесячны хлопчык. 

Трагедыя здарылася 13 жніўня. Акрамя хлопчыка дапамога лекараў пасля прышчэпкі спатрэбілася шасцімесячнай дзяўчынцы з Ганцавіцкага раёна. Неўзабаве пасля гэтага журналіст Сяргей Сацук абнародаваў у інтэрнэт-газеце "Ежедневник" сваё расследаванне, у якім сцвярджаў, што беларускія чыноўнікі закупілі вакцыну, якая не прайшла ўсе належныя выпрабаванні. У адказ Мінздароўя абвінаваціла СМІ ў грубай падачы інфармацыі і шкодзе нацыянальным інтарэсам у сферы аховы здароўя.

Прадстаўнікі карэйскай кампаніі ў сваім лісце кажуць, што ўважліва вывучаюць сітуацыю ў Ганцавічах і хочуць дапамагчы беларускаму міністэрству прыняць "меры супраць некарэктных абвінавачванняў з боку сродкаў масавай інфармацыі". 

Кампанія  LG Chem паведамляе, што "Эўпента" зарэгістраваная ў дзевяці краінах, у тым ліку ў Рэспубліцы Карэі, Узбекістане, Пакістане, Шры-Ланцы, М'янме, Сірыі. Да ліста прыкладаецца копія рэгістрацыйнага сертыфіката.

Кампанія абвяргае тое, што прэкваліфікацыя вакцыны можа быць атрыманая без клінічных выпрабаванняў. "Эўпента" была ацэненая на адпаведнасць патрабаванням GMP, CMC, дадаюцца вынікі клінічных выпрабаванняў. Паведамляецца, што вакцына прайшла ўсе тры неабходныя стадыі клінічных выпрабаванняў. У выніку "Эўпента" была прэкваліфікаваная СААЗ. Карэйская кампанія заяўляе, што не можа сама абнародаваць перапіску паміж СААЗ і LG Chem, але раіць звярнуцца ў каманду СААЗ па прэкваліфікацыі, а таксама ў прадстаўніцтва СААЗ у краіне.

Падпісаў гэты ліст выканаўчы віцэ-прэзідэнт даследчага інстытута Life Sciences LG Chem, Ltd доктар Мён Чжын Кім.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі