Вы тут

Камера-адзіночка і без следчых дзеянняў — што чуваць пра "бабулю-тэрарыстку"

Галіна Дзербыш / svaboda.org

Чацвёрты месяц Галіна Дзербыш з аграгарадка Абухава Гродзенскай вобласці сядзіць у адзіночнай камеры, распавяла "Нашай Ніве" яе дачка Анастасія. У зняволенні яна са снежня 2020-га года.

Былога бухгалтара СВК, а цяпер пенсіянерку затрымалі па падазрэнні ў датычнасці да так званай "групы Аўтуховіча". Яе абвінавачваюць у тэрарызме. Да выхаду на пенсію Галіна Дербыш працавала бухгалтарам у мясцовым СВК, а потым занялася агародам і бяздомнымі жывёламі. У турме, калі даведваліся аб прычынах затрымання, з яе смяяліся, называлі "бабуляй-тэрарысткай".

Як даведаліся родныя з фільма, паказанага па БТ, Галіна Дэрбыш нібыта сачыла за "аб'ектам" (амапаўцам, якому ўзарвалі аўто) і прапаноўвала сваю машыну Аўтуховічу. Пры гэтым Анастасія не ведае, ці знаёмая  яе маці з Аўтуховічам, але версія, агучаная на БТ, выклікала ў яе сумневы. 

"У мамы і тэлефон кнопкавы, а ў тым фільме яна ўжо ў нейкіх мэсэнджарах перапісваецца. Следчы з КДБ мне казаў: "Вы сваю маму зусім не ведаеце!". Я адказала яму: "Сур'ёзна?",— распавядае Анастасія.

Паводле яе слоў, Галіна Дзербыш ужо чацвёрты месяц сядзіць у адзіночнай камеры. Як патлумачыў дачцэ следчы, таму што пенсіянерка "сябе вельмі вульгарна вядзе!".

"Ведаючы маму, я думаю, што яна проста выказала яму ўсё ў твар, што думала. Бо мама чалавек, які добра ведае, дзе чорнае, дзе белае, супрацоўнічаць са следствам не хоча", — адзначыла Анастасія.

Галіну Дзербыш затрымалі ў снежні 2020 года / svaboda.org

Анастасія не ведае, ці прапаноўвалі яе маме пісаць прашэнне аб памілаванні, але перакананая, што такую паперу Галіна Дзербыш не падпіша. З лістоў дачка таксама ведае, што апошнія паўгода з яе маці не праводзяць ніякіх следчых дзеянняў, яна проста сядзіць. Толькі перыядычна атрымлівае пастановы аб падаўжэнні тэрміну ўтрымання пад вартай.

Ад адваката, які бачыўся з Галінай у ліпені, родныя таксама даведаліся, што пенсіянерку каралі карцэрам. Вядома таксама аб праблемах са здароўем.

"Піша, што цяпер за кратамі ў яе пломбы павывальваліся, пачаўся стаматыт. Пакутуе ад ціску, ад прыступаў галаўных боляў", — распавядае Анастасія.

І маці, і дачка спадзяюцца, што ўся гэтая гісторыя хутка скончыцца. І Галіну выпусцяць. А пакуль Анастасія сочыць за вялікай гаспадаркай маці. У Абухава ў "бабулі-тэрарысткі" засталіся куры, трусы і каты. Каты ў апошні час хварэюць.

"Я ім кажу: і не думайце паміраць, трэба дачакацца гаспадыню!", — кажа Анастасія.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.