Вы тут

Калонія пагражае брастаўчанам за пудзілы і распісаную "Табакерку"

Пудзіла з надпісам "АМАП" на дрэве / скрыншот з відэа МУС Беларусі​​

У Брэсце набліжаецца да фіналу судовы працэс па справе аб вывешаных пудзілах і распісанай "Табакерцы". Па справе праходзяць 10 чалавек, паведамляе "Брэсцкая газета".

Следства лічыць, што яны датычныя да цэлага шэрагу супрацьпраўных дзеянняў: з'яўлення пудзілаў у розных месцах горада, кідання яек і камянёў у апорны пункт міліцыі, замыкання чыгуначных рэек, падпалу ноччу на бязлюднай вуліцы аўтамабільных пакрышак, а таксама да нанясення надпісаў на кіёск "Табакерка".

Фігурантаў абвінавачваюць у злосным хуліганстве і ў наўмысным прывядзенні ў непрыдатнасць шляхоў зносін.

Напярэдадні дзяржабвінаваўца запрасіў для іх тэрміны пакарання. Самыя вялікія тэрміны пагражаюць Яўгену Камбулю — 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму і Сяргею Сілічу — 4 гады калоніі агульнага рэжыму.

Для астатніх — ад года да трох гадоў калоніі. Толькі ў адным выпадку — для Марыны Сілянок — абвінавачванне пагадзілася на паўтара года "хіміі".

Цікава, што падчас разгляду крымінальнай справы ў судзе фігуранты сталі адмаўляцца ад паказанняў, якія давалі падчас першых допытаў. Адна з абвінавачаных, да прыкладу, прызналася, што на пачатковым этапе следчыя пагражалі ёй органамі апекі, казалі, што ў яе забяруць дзіця.

Іншы абвінавачаны прасіў не ўлічваць яго паказанні следству, таму што даваў іх з моцнымі болямі ў спіне. А яшчэ ён вельмі хваляваўся з нагоды затрымання сваёй жонкі.

"Я проста не хацеў гаварыць. Груба кажучы, усё, што я сказаў на тым допыце, — там праўды мала", — прызнаўся ў судзе мужчына.

Мяркуецца, што прысуд па гэтай справе абвесцяць 18 мая.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.