Вы тут

Каліновец звярнуўся да ўкраінцаў: пост нянавісці да беларусаў — праца на ворага

"Валанцёр з'едзе — нашы хлопцы недаатрымаюць прыборы начнога бачання. Прыйдуць ноччу рускія і перарэжуць нас як сляпых кацянят" / @journalyuga_extremist

Кожны ўкраінец павінен разумець, што робячы чарговы пост нянавісці да беларусаў, ён дапамагае праціўніку, расказвае ў гутарцы з Еўрарадыё адзін з добраахвотнікаў палка Каліноўскага.

Ён тлумачыць беларусам, як на самай справе трэба рэагаваць на "хэйтспіч". Не трэба тлумачыць, якая ў Беларусі расстаноўка сіл і якія падзеі адбываліся там у 2020 годзе. Украінцам складана гэта зразумець, гэтаксама як нам складана ўсвядоміць, што адбываецца акурат цяпер у іх краіне. Ён прапануе больш просты адказ:

— Проста зразумейце: такімі пастамі вы развязваеце рукі дэпартаменту міграцыйнай службы.

 

"Які сэнс ад паста, у якім вы скажаце, што беларусы вам больш не браты?"

Беларуская валанцёрка і праваабаронца Анісія Казлюк проста цяпер змагаецца з міграцыйнай службай Украіны, спрабуючы адстаяць сваё права заставацца ва Украіне — і ёй жа дапамагаць. Мы падрабязна расказвалі яе гісторыю тут.

Анісія падала дакументы ў міграцыйную службу пры маральнай падтрымцы прадстаўніка Офіса Ціханоўскай — Валера Кавалеўскага / фота з сацсетак

Сітуацыя Анісіі — прыклад наступстваў менавіта такіх пастоў нянавісці ў сацсетках.

— Вы сочыце за тым, што адбываецца проста цяпер з валанцёркай і праваабаронцай Анісіяй Казлюк? Валанцёраў прэсуюць, валанцёраў выдвараюць з Украіны. Украінцы, вы даводзіце да такіх сітуацый гэтымі пастамі.

А гэтыя валанцёры, якіх вы выганяеце, прывозяць на фронт бронікі, прывозяць начныя прыцэлы. Гэта значыць, кожны, хто піша такі пост нянавісці, проста пазбаўляе і беларускіх добраахвотнікаў, і іншых "зэсэушнікаў ""вачэй". Адна валанцёрка з'едзе — нашы хлопцы недаатрымаюць прыборы начнога бачання. Прыйдзе русня і перарэжа нас ноччу як сляпых кацянят.

Украінцы, што вы робіце? Які сэнс ад паста, у якім вы скажаце, што беларусы больш вам не браты? Што вы хочаце гэтым даказаць? Гэтымі пастамі вы працуеце на карысць праціўніка.

 

Увага, працуюць боты

Нашаму суразмоўніку ўкраінцы часцяком казалі: маўляў, вы, каліноўцы, малайцы. Ён прызнае, што да таго, як з тэрыторыі Беларусі ў гэтыя выходныя ва Украіну зноў паляцелі ракеты, да добраахвотнікаў ставіліся вельмі добра. Але часам дадавалі: а вось астатнія беларусы — дрэнныя.

— Усе скандалы ў сацсетках на руку толькі Крамлю. І я бачу па каментарах: часам працуюць звычайныя боты. Яны распальваюць і з нашага боку: пішуць, маўляў, вось, паглядзіце, вы ўкраінцам дапамагаеце, а яны такія-сякія, палошчуць вас! І з украінскага боку распальваюць таксама.

Не трэба шукаць ворагаў сярод беларусаў і прызначаць усіх беларусаў ворагамі, кажа наш суразмоўнік. Лепш шукаць у Беларусі сяброў, перацягваць беларусаў — нават тых, для каго "ўсё не так адназначна", — на свой бок.

— Украінцы ў эмацыйным парыве не разумеюць, якую шкоду наносяць самі сабе.

"Посціце! Лукашэнка будзе толькі рады, калі дапаможаце яму прапятляць"

Пакуль украінцы пішуць пасты нянавісці, беларусы — не пішуць нічога.

— Я не супраць таго, каб людзі атрымлівалі асалоду ад жыцця, пакуль побач ідзе вайна. П'еш ты свой латэ? Пі. Я не лічу, што кожны павінен ісці на вайну, у кожнага свой выбар. Але дапамагаць павінен кожны. Напішы хоць бы словы падтрымкі ў фэйсбуку. Можаш падтрымаць Украіну словамі? Пішы. Пішы па максімуме.

Прыляцела ракета ў гандлёвы цэнтр у Краменчугу. Напішыце. Ну што, кожны беларус не можа пра гэта напісаць? Напішыце так, як гэта зрабіў Ілля Варламаў [расійскі блогер і журналіст. — Еўрарадыё]. Напішыце, як ён, меркаванне двух бакоў. Расія сказала адно, а на думку Украіны здарылася іншае. Але дадайце відэа, на якім відаць, як палае гэты гандлёвы цэнтр.

Посціце, Лукашэнка будзе толькі рады, калі дапаможаце яму прапятляць.

Не, сядзім. Маўчым. Нешта я не бачыў, каб лідары меркаванняў запосцілі гэта відэа. Крыўдзіцца на ўкраінцаў мы можам, а напісаць словы падтрымкі — не. Прасцей адгарадзіцца ад таго, што адбываецца.

І крыўды ўкраінцаў у гэтым сэнсе цалкам апраўданыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.