Каб паступіць на "міжнароднае права" ў БДУ, трэба мець 388 балаў з… 400

“Толькі што забраў дакументы з БДУ. Падаваўся на эканамічны факультэт, на мененджмент, тут шмат людзей падалі дакументы з больш высокімі баламі, мне тут не свеціць”, — расказвае абітурыент з Баранавічаў Станіслаў. Сваю спецыяльнасць хлопец называе не адразу — узгадвае.

Цяпер ён панясе дакументы ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт на “эканоміку і кіраванне прадпрыемствам”. Там з яго 289 баламі больш шанцаў.

Такіх, як Станіслаў, у фае галоўнай ВНУ каля паўсотні. Патэнцыйныя студэнты пільна адсочваюць балы на факультэтах, некаторыя з бацькамі. Шукаюць, куды пайсці.

Мікіта збіраецца рабіць камп'ютарныя гульні, таму… хоча пайсці на праграміста. Але чакае разам з маці, калі складзецца прыкладны прахадны бал.

“Фізіка падвяла — набраў 229 балаў. Збіраюся на мехмат, на праграміста”, — тлумачыць Еўрарадыё Мікіта.

Мала рыхтаваўся, адразу заўважае маці Нікіты Тамара Аляксандраўна.

“Шчыра кажучы, не вельмі рыхтаваўся. Рэпетытараў не было, былі курсы. Атэстат у яго добры — 9,4, але падкачала тэставанне”, — расказвае маці абітурыента.

“Набраў на тэставанні 151 бал, але для бюджэту мне хапае без праблем”, — апавядае Жэня са Століну, ён паступае ў Беларускі педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.

З такімі баламі на факультэце прыродазнаўчых навук хлопца чакаюць, бо там і так недабор.

Паступаюць і за мяжу. Ірына з Баранавічаў едзе вучыцца ў Польшчу, хоць іспыты здавала і ў Беларусі. Там прэстыжней, лічыць дзяўчына.

“Тут здавала тэставанне на ўсялякі выпадак. Там складана: трэба апісваць, усё падрабязна тлумачыць. У мяне сястра там вучыцца”, — гаворыць Ірына, яна будзе вучыцца за мяжой на “адміністрацыі і кіраванні”.

“Такіх высокіх прахадных балаў не было некалькі гадоў”, — здзіўляецца адказны сакратар прыёмнай камісіі Людміла Хухлындзіна.

Каб вучыцца міжнароднаму праву на факультэце міжнародных адносінаў, трэба будзе набраць 388 балаў з… 400 магчымых! І гэты бал яшчэ можа вырасці, бо прыём дакументаў пакуль не скончаны.

Нягледзячы на слабыя вынікі тэставання: 37% недабралі неабходныя балы, каб паступаць ва ўнівер, — у БДУ недабору не прагназуюць.

“Пакуль засталіся 30 месцаў на фізфаку. Але можа быць недабор на завочцы. Заяваў ад завочнікаў на 300 менш, чым летась”, — падлічвае адказны сакратар.

Затое шмат выдатнікаў: паўсотні чалавек з тых, хто падалі дакументы, маюць больш за 380 балаў і 124 — пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд, якія паступаюць без іспытаў.

Нагадаем, у гэтым годзе дзяржаўныя ВНУ гатовыя прыняць 79 тысяч абітурыентаў, 30,5 тысячы — на бюджэтныя месцы. Пры гэтым тэставанне здалі толькі 74 тысячы хлопцаў і дзяўчат.

Фота - Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі