Каб ездзіць на аўто за 300 долараў, трэба заплаціць 450 тысяч падатку

“Да нас год звярталіся грамадзяне, каб перагледзець норму гэтага падатку. І гэтыя змены падрыхтаваныя”, — пацвярджаюць у Мінфіне. На сайце міністэрства гэты дакумент апублікаваны для абмеркавання:

Дзяржпошліна за выдачу дазволу на допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху плаціцца па стаўцы з паніжаным каэфіцыентам 0,5 у дачыненні да транспартных сродкаў інвалідаў І і ІІ груп пры наяўнасці даведкі, а таксама пенсіянераў”. Што тут абмяркоўваць?

З пачатку года беларусы плацяць гэты падатак на аўто. Напрыклад у Брэсцкай вобласці сабралі болей за 550 млрд рублёў.

26-гадовы Анатоль з Салігорска мае “Мэрсэдэс-190” і 968-ы “Запарожац”. “Запарожац” Анатоль прадае — 300 долараў. Спачатку набівае цану, маўляў, рарытэтная класіка, з часам толькі даражэе. Але калі разумее, што я не купец, прызнаецца, што “Запарожац” для яго нешта накшталт каня: прывезці-завезці нешта з поля, пакатацца па вёсцы. У “вялікую дарогу” Анатоль на “Запарожцы” не ездзіць, а таму і транспартны падатак не плаціў.

І ўвогуле не разумее, навошта плаціць 450 000 падатку на запарожац, які каштуе ў 6 разоў больш за падатак.

“А што, пенсіянеры — нейкія іншыя людзі ці што? Чаму ім зніжка? Ды і праз паўгода з'явяцца новыя незадаволеныя. Усё зноў памяняецца”, — упэўнены Анатоль.

Уладальнік “Масквіча 412” 74-гадовы Мікалай з Маладзечна таксама з падаткам не згодны. Чаго яго плаціць, калі на трасу Мікалай і не выязджае — толькі ў грыбы ці па справах. Яго 38-гадовае аўто каштуе 400 долараў. Падатак абышоўся б у траціну пенсіі — 450 000 рублёў. Таму Мікалай яго і не плаціў, набыў толькі страхоўку на паўгода, якая абышлася пенсіянеру ў 180 тысяч рублёў.

Мікалай падказвае Мінфіну, як трэба разлічваць транспартны падатак: улічваць трэба не тоны аўто, а хаця б кіламетраж.

“Хто ездзіць штодзень, хай плаціць, а як я два разы на год выеду і праеду пяць кіламетраў грыбоў нагледзець, дык за што плаціць?” — кажа мне Мікалай. Навіну пра зніжэнне падатку ўспрымае пазітыўна. Адна бяда: на “Масквіч” Мікалая ўжо знайшоўся купец.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі