"Існуе пагроза ўварвання беларускай арміі" — 28-я раніца вайны

Акцыя ў Празе ў падтрымку пацярпелых падчас бамбёжкі тэатра ў Марыўпалі / Цэнтр стратэгічных камунікацый і інфармацыйнай бяспекі Украіны
Акцыя ў Празе ў падтрымку пацярпелых падчас бамбёжкі тэатра ў Марыўпалі / Цэнтр стратэгічных камунікацый і інфармацыйнай бяспекі Украіны

У Кіеве раніцай зноў гучала паветраная трывога.

Першы намеснік міністра ўнутраных спраў Украіны Яўген Енін заклікаў грамадзян, якія пакінулі свае дамы, не спяшацца вяртацца: акупанты маглі іх замініраваць, паведамляе ўкраінскі тэлеканал "Громадське". Па словах прадстаўніка МУС, можна вяртацца пасля таго, як дазволяць прадстаўнікі Дзяржслужбы па надзвычайных сітуацыях.

Чарнігаў хавае каля 40 чалавек у дзень, паведаміў мэр горада Уладзіслаў Атрошэнка. У Чарнігаве няма электраэнергіі, вады, цяпла і практычна няма газу. Раніцай стала вядома, што расійскія вайскоўцы разбамбілі яшчэ і аўтамабільны мост праз Дзясну, які злучаў горад з Кіевам. Пра гэта паведамляе "Суспільне".

Тым часам, дэпутат Херсонскага абласнога савета Сяргей Хлань сцвярджае, што расійская ваенная адміністрацыя збіраецца з красавіка ўводзіць тут у зварот рублі. Паводле яго слоў, расіяне маюць намер прымушаць прымаць рублі ў крамах, а пасля — выплачваць зарплаты ў рублях бюджэтнікам.

Брытанская выведка не выключае, што Расія будзе спрабаваць сілай душыць супраціў мясцовых у часова акупаваных населеных пунктах. Пра гэта таксама піша "Громадське".

Украінскае дзяржагенцтва па кіраванні зонай адчужэння паведамляе аб непрыемным інцыдэнце ў Чарнобылі — разгромлена і знішчана Цэнтральная аналітычная лабараторыя. Тут знаходзіліся высокаактыўныя пробы і ўзоры радыенуклідаў.

Гэтай ноччу прэзідэнт Уладзімір Зяленскі распавёў, што ўкраінскія вайскоўцы зноў разбілі расіян у Чарнабаеўцы. Гэта ўжо ў сёмы раз.

У начной зводцы ўкраінскага Генштаба гаварылася, што "існуе пагроза ўварвання беларускай арміі". Але таксама і адзначалася, што "вялікая колькасць асабовага складу і некаторыя камандзіры адмаўляюцца ад удзелу ў такім наступе".

У ранішняй зводцы таксама была інфармацыя аб Беларусі — аб тым, што ў РБ працягваецца актыўнае перасоўванне расійскай і беларускай вайсковай тэхнікі. Яе назапашваюць ля мяжы з Украінай. Адначасова ў зводцы гаварылася і пра неабыякавых беларусаў, якія "часткова вывелі з ладу чыгуначнае паведамленне паміж Беларуссю і Украінай". Але гэтая інфармацыя яшчэ ўдакладняецца.

У астатнім цягам дня расійскія войскі працягвалі "артылерыйскія абстрэлы і ракетна-бомбавыя ўдары па гарадах". У захопленых населеных пунктах, дзе людзі выступаюць супраць новай улады, "расіяне звяртаюцца да марадзёрства і гвалту ў дачыненні да мірнага насельніцтва".

Працягваецца абарона Марыупаля, Нікалаева і Чарнігава. Украінскія вайскоўцы "стрымліваюць прасоўванне праціўніка ў напрамку на Кіеў", гаворыцца ў зводках украінскага Генштаба.

"Существует угроза вторжения белорусской армии" — 28-е утро войны
Ратавальнікі ліквідуюць пажар, які паўстаў пасля абстрэлу ў Кіеве, 22 сакавіка 2022 / @dsns_telegram

У Кіеве разлічваюць на размову Уладзіміра Зяленскі з кіраўніком КНР Сі Цзіньпінам. Чакаюць гэтай размовы. Пра гэта напісаў у Twitter кіраўнік Офіса ўкраінскага прэзідэнта Андрэй Ярмак.

А ў сталіцы Чэхіі напярэдадні на пляцоўцы насупраць Нацыянальнага тэатра засвяціўся надпіс са свечак "дзеці" — менавіта такое слова было напісана вялікімі літарамі каля тэатра ў Марыупалі, які быў абстраляны. У тэатры хаваліся людзі — было шмат жанчын і дзяцей. Лёс многіх з іх да гэтага часу невядомы, разабраць завалы не атрымоўваецца з-за пастаянных абстрэлаў, нагадвае "Громадське".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі