Ірына Халіп узнагароджаная ў Расіі ордэнам Сахарава "За мужнасць"

Ірына Халіп узнагароджаная ў Расіі ордэнам Сахарава "За мужнасць"

У Маскве 31 студзеня адбылося ўзнагароджанне лаўрэатаў прэміі Андрэя Сахарава "За журналістыку як учынак" і ордэна "За мужнасць". Ордэнам Сахарава "За мужнасць" былі ўзнагароджаныя 22 журналісты, публіцысты, блогеры з Расіі, Украіны, Беларусі, Казахстана, Узбекістана і Азербайджана. Усе яны зазналі пераслед з боку ўладаў за выказванні сваёй грамадзянскай пазіцыі. У ліку ўзнагароджаных — беларуская журналістка Ірына Халіп, піша сайт charter97.org.

Беларуска падзякавала заснавальнікам прэміі і арганізатарам цырымоніі ўзнагароджання за гэтую прэстыжную ўзнагароду. У сваёй прамове яна заклікала да салідарнасці з сайтам charter97.org, які блакуюць беларускія ўлады. 

"Рэжымы ў Беларусі і Расіі — як злучаныя сасуды: яны спаборнічаюць у тым, каб узяць адзін у аднаго толькі самае горшае. Журналісты адкрыта пра гэта кажуць, таму такія рэжымы і ўзмацняюць супраць іх рэпрэсіі. Супрацьстаяць ім дапамагае наша салідарнасць.

У турме цябе палохаюць тым, што ты нікому не патрэбны, пра цябе ўсе забыліся, таму наша задача — не забываць. Пісаць і казаць пра ўсіх, хто змагаецца з несправядлівасцю і за гэта падвяргаецца рэпрэсіям, пісаць пра парушэнні правоў чалавека. Казаць пастаянна, не адносіць ні адзін падобны выпадак да учорашніх навінаў", — падкрэсліла журналістка.

Прэмія імя Андрэя Сахарава "За журналістыку як учынак" заснаваная ў 2001 годзе. У 2017 годзе з ініцыятывы арганізатараў для змагароў за праўду быў заснаваны ордэн "За мужнасць".

Ірына Халіп узнагароджаная ў Расіі ордэнам Сахарава "За мужнасць"
Ордэн "За мужнасць". Фота: charter97.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі