Ірына Халіп: Былых палітзняволеных не бывае

“Гэтыя сволачы фактычна забралі ў мяне тры гады жыцця. І што, пасля гэтага я яшчэ павінна была сядаць у турму? Калі нехта думае, што я зараз свабодны чалавек, то гэта вялікая памылка. Я больш за два гады жыла пад хатнім арыштам. Не забывайце пра пяцімесячную адседку перад гэтым. Мне што, сказаць зараз "дзякуй" за тое, што не пасадзілі?” — гэтак эмацыйна Ірына Халіп каментуе рашэнне суддзі Рыты Шаграй вызваліць яе ад прысуду, атрыманага больш за два гады таму.

У 2011 годзе жонку экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірыну Халіп прызналі вінаватай у арганізацыі паслявыбарных масавых беспарадкаў і прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады. Увесь гэты час Ірына павінна была вяртацца дадому да 10-й вечара, адпрошвацца ў міліцыянтаў на выезд з Мінска і ўвогуле паводзіць сябе ўзорным чынам. Праз тое, што заўваг у міліцыі да Халіп за два гады назірання за ёй не было, прадстаўнік інспекцыі проста ў зале суда папрасіў вызваліць Ірыну ад пакарання, спасылаючыся на тое, што яна “зарэкамендавала сябе выключна са станоўчага боку”.

Суд з прапановай пагадзіўся і пакаранне з Халіп зняў. Праўда, яна свайго стаўлення да беларускага правасуддзя з гэтай нагоды не змяніла. Гаворыць, што ў Беларусі не бывае былых палітзняволеных.

“Мы ўжо так сустракалі Яроменка, Парфянкова, іншых. І што? Яны зараз сядуць ізноў. Парфянкоў у трэці раз, гэта відавочна. Былых палітзняволеных у Беларусі не бывае”.

Абвяшчэнню рашэння суда папярэднічаюць незвычайныя нават для Беларусі працэдуры. Суддзя Рыта Шаграй раптам саромеецца фота- і відэакамер (хоць і выглядае вельмі прывабна) і адмаўляецца заходзіць у залу, пакуль там журналісты з апаратурай. Загвоздка ў тым, што выгнаць іх адтуль можа толькі яна сама, абвясціўшы сваё рашэнне з адпаведнага месца пад дзяржаўнымі гербам і сцягам.

У выніку паседжанне ледзь не зрываецца. Халіп з адвакатам выклікаюць у асобны невялічкі пакойчык, фатографы атрымліваюць выдатныя кадры, дзе Ірына глядзіць на іх з-за кратаў, а суддзя Шаграй трапляе ў сюжэты буйных расійскіх тэлеканалаў. Аднаўляецца суд толькі тады, калі з залы выганяюць усіх з мэтай запусціць нанова. Ужо без фатографаў і аператараў. Само паседжанне займае літаральна 15 хвілін.

Аб сваіх планах вызваленая ад пакарання Ірына Халіп пакуль не ведае. Пытаецца ў журналістаў, да якой гадзіны зараз у Мінску працуюць бары і кавярні.

“Слухайце, якія планы? Я не ведаю, якія ў мяне планы на сённяшні вечар. Я не магу вызначаць свае планы на доўгі час. Сёння я ўпершыню за два гады маю права не прыходзіць дадому а дзясятай вечара. Трэба прыдумаць, як гэтым скарыстацца”.

Наступнае гучнае вызваленне ад пакарання чакаецца ўжо на наступным тыдні — 25 ліпеня. Поўную свабоду мае атрымаць Уладзімір Някляеў. Што падрыхтавала для яго беларускае правасуддзе, стане вядома ў тым жа сталічным Доме правасуддзя на вуліцы Сямашкі.

Глядзіце таксама фотарэпартаж з залы суда: Суд над Ірынай Халіп (фотарэпартаж)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі