Вы тут

Інфармацыя пра хворых на COVID-19 на БелАЭС часткова пацвердзілася

Беларуская АЭС / Ілюстрацыя belrynok.by

Кіраўнік дзяржкарпарацыі "Расатам" Аляксей Ліхачоў 26 траўня ў сваім відэазвароце заявіў пра тое, што на будаўнічай пляцоўцы БелАЭС зафіксавана "каля 100" выпадкаў захворвання на COVID-19, сярод тых, хто захварэў, не толькі работнікі "Расатама", але і "прадстаўнікі беларускага заказчыка". Пакуль што ніякіх афіцыйных каментароў ад беларускага боку не паступала. Еўрарадыё змагло дазваніцца на БелАЭС, там часткова пацвердзілі інфармацыю:

— На пляцоўцы будаўніцтва працуе вельмі шмат розных арганізацый, у тым ліку тыя, якія падпарадкоўваюцца Ліхачову. Натуральна, на кожным прадпрыемстве ў краіне ёсць хворыя. Гэта сенсацыя нейкая? Так, ёсць хворыя. Колькі — я цяпер сказаць не магу, — пракаментавалі ў інфармацыйным цэнтры БелАЭС.

Нагадаем, што не так даўно расіянам, якія працуюць на будаўніцтве БелАЭС у Астраўцы, былі зроблены тэсты на COVID-19, якія аказаліся станоўчымі. 15 будаўнікоў вымушана правялі некаторы час у смаргонскай бальніцы, чакаючы паўторных вынікаў тэстаў. Кантрольны тэст даў адмоўны вынік, і расіян адправілі на самаізаляцыю ў Астравец.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.