Вы тут

Кіраўнік "Расатама": на Беларускай АЭС выявілі 100 выпадкаў каранавіруса

Еўрарадыё

На Беларускай АЭС у спецыялістаў выявілі каля 100 выпадкаў заражэння каранавірусам. Пра гэта заявіў у відэазвароце, змешчаным на сайце расійскай дзяржкарпарацыі, яе кіраўнік Аляксей Ліхачоў.

"На беларускай пляцоўцы [будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне], гэты праект у нас сёння ў асаблівым прыярытэце, зафіксаваныя каля 100 інцыдэнтаў, каля 100 станоўчых тэстаў, — кажа Ліхачоў. — Гэта не толькі нашы работнікі, але і прадстаўнікі беларускага заказчыка".

Па словах кіраўніка "Расатама", усе каранцінныя меры там выконваюцца, але ён просіць кіраўніцтва атамнай станцыі "яшчэ дадаткова ўзмацніць працу". Ён нагадаў, што цяпер на станцыі "самая гарачая пара" — на працягу бліжэйшых тыдняў плануецца выйсці на яе фізічны запуск.

На сённяшні дзень у "Расатаме" памерлі ўжо 11 чалавек, кажа Ліхачоў.

З беларускага боку інфармацыі пра ўспышку каранавіруса на АЭС пакуль няма.

Як паведамляла Еўрарадыё, у пачатку красавіка ў 15 грамадзян Расіі, якія прыбылі на Астравецкую АЭС, пацвердзілі COVID-19. Іх ізалявалі, як і шматлікія кантакты першага ўзроўню. Але пасля тэсты далі адмоўныя вынікі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.