Расіянін з будоўлі БелАЭС: міліцыя патрулюе бальніцу суткамі, быццам мы зэкі

Будаўнікі з Расіі пад пастаянным наглядам
Будаўнікі з Расіі пад пастаянным наглядам

15 рабочых з Расіі замест таго, каб працаваць на будаўнічай пляцоўцы Беларускай АЭС, ляжаць у бальніцы ў Смаргоні. У пачатку красавіка іх тэсты на каранавірус далі станоўчыя вынікі — таму іх тэрмінова знялі з будоўлі і расклалі па палатах.

11 красавіка сітуацыя моцна заблыталася. Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік расказаў, што два тэсты, якія рабілі рабочым, далі супярэчлівыя вынікі. Абодва яны, дарэчы, былі расійскай вытворчасці. Так што сцвярджаць, што расіяне прыехалі ў Беларусь са сваім каранавірусам, рана: трэба дачакацца вынікаў наступнага тэста.

Еўрарадыё звязалася з адным з рабочых. Ён і яго таварышы па няшчасці другі тыдзень не маюць права выйсці з палаты Смаргонскай ЦРБ. За парадкам прыглядае міліцыя.

"6 красавіка, у панядзелак, мы першы раз здалі мазок, і, як мы зразумелі, ім не спадабаліся нашы аналізы. Ну і пачалося, — расказвае рабочы. — Мы дагэтуль у Смаргоні, учора [13 красавіка. — Еўрарадыё] ў нас узялі чарговы аналіз на вірус для дзвюх лабараторый. Як нам сказалі, калі будуць адмоўныя вынікі, то нас перавядуць у Астравец, на самаізаляцыю ў кватэры".

Еўрарадыё: Вас папраўдзе не выпускаюць з палаты?

Рабочы: Так, нарад міліцыі патрулюе бальніцу суткамі, як быццам мы зэкі! Міліцыя на вуліцы. Дзверы ў палату адчыненыя, але выходзіць нельга.

Россиянин со стройки БелАЭС: милиция патрулирует больницу сутками, будто мы зэки
Патруль смаргонскай міліцыі дзяжурыць на вуліцы / фота з палаты

Што паслужыла прычынай таго, што ў выпадку з расійскімі будаўнікамі вырашана было захаваць эпідэмічны кантроль за сітуацыяй з дапамогай міліцыі? У аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гродзенскага аблвыканкама Еўрарадыё не змаглі даць аператыўны каментар на гэтую тэму і параілі пакінуць афіцыйны запыт.

Еўрарадыё: Навошта самаізаляцыя па кватэрах, калі тэсты будуць адмоўныя?

Рабочы: Вось і мне шмат чаго не зразумела. Я прыехаў сюды працаваць, а не ляжаць суткі напралёт.

Еўрарадыё: Вам гэты каранцін аплацяць? Колькі вы ўжо страцілі ў фінансавым плане?

Рабочы: Шчыра, хацелася б, каб заплацілі. Але пакуль што невядома. Цяжка судзіць пра страты. Калі нам заплацяць па-сярэдняму, то мы нічога не страцім. Вядома, сітуацыя хвалюе. Мы прыехалі працаваць, а не сядзець па кватэрах. Лепш было б сядзець дома на самаізаляцыі, у коле сям'і, чым тут. Шкадуем, але што рабіць. Фірма наша нас не забывае. Носяць перадачы, наладзілі харчаванне з кавярні.

Еўрарадыё: Так усё дрэнна з бальнічнай ежай?

Рабочы: Кармленне, вядома, так сабе. Есці можна, але не вельмі. Я проста ў бальніцах вельмі даўно ляжаў. З учарашняга дня нам возяць ежу.

У бальніцы, дзе цяпер я ляжу, прыстойны, па бальнічных мерках, рамонт. У Расіі таксама ёсць бальніцы ў нармальным стане, а ёсць у жаласным. Але ўсе роўна лепш за ўсё дома.

Россиянин со стройки БелАЭС: милиция патрулирует больницу сутками, будто мы зэки
Палата Смаргонскай ЦРБ, дзе ляжаць расіяне

Еўрарадыё: Чытаеце, што пра вас пішуць у інтэрнэце?

Рабочы: Інтэрнэт — злая штука. Што пра нас толькі не пісалі! Я спадзяюся, што апошні аналіз усё расставіць на свае месцы. Я ўжо папярэдне ведаю вынікі тэстаў — яны адмоўныя. Нам сказалі, што нас сёння, магчыма, ужо адвязуць на кватэры. У крайнім выпадку — заўтра.

 

Мы дазваніліся ў службу тэхнічнага кантролю АТ "СЕЗАМ", дзе лічацца шпіталізаваныя будаўнікі.

"Я па тэлефоне са знаёмымі, якія там ляжаць, гавару. Маўляў, што ў вас там? Таму што, калі ў іх дыягназ пацвердзіцца, атрымліваецца, што мы кантакты першага ўзроўню. Але там пакуль што цішыня. Невядома, колькі яшчэ будуць ляжаць, — расказвае Еўрарадыё супрацоўнік службы тэхнічнага кантролю. — Больш нагнятае, што маўчаць усе. Калі нешта пацвярджаецца, то колькі часу прайшло пасля таго, як яны з кімсьці кантактавалі? Кола захварэлых ужо можна пашырыць не да ста чалавек, а значна больш.

 

Паводле звестак партала TUT.by, усяго на COVID-19 было праверана ад 50 да 100 работнікаў Астравецкай АЭС. Расіяне, у якіх падазраюць каранавірусную інфекцыю, жылі ў інтэрнаце, большасць шпіталізаваных кантактаў першага ўзроўню — таксама.

11 красавіка стала вядома, што фізічны пуск першага энергаблока БелАЭС перанесены на ліпень 2020 года. Прычыны, па якіх гэта было зроблена, у дырэкцыі атамнай станцыі не ўдакладнілі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі