Імпарцёр піва: Ліцэнзаванне ўдарыць толькі па пастаўках з Украіны

“Увогуле на піўным рынку Рэспублікі Беларусь, калі ўзяць умоўныя лічбы, скажам так, 30% — небеларускае піва, 70% — беларускае. І вось з гэтых 30% дзве траціны — расійскае піва, якое не падпадае пад ліцэнзаванне. А адна траціна (каля 10%) — украінскае. Вось імпарцёраў украінскага піва новыя правілы закрануць сур’ёзна. Але ў мяне ў кампаніі яго ў пакеце няма”, — расказвае Павел Лапотка, кіраўнік мінскай кампаніі — імпарцёра піва “Полгейт-Сістэм”.

Замежнае піва з паліцаў беларускіх крамаў знікла ў пачатку траўня — перад самым пачаткам чэмпіянату свету па хакеі. У Мінгандлю гавораць, што гэта ці то эксперымент, ці то рэклама беларускай прадукцыі. Яшчэ раней, у красавіку, піўны рынак краіны пакрытыкаваў сам Лукашэнка. Маўляў, зашмат імпарту. А нашае, беларускае піва, замежнаму ні ў чым не саступае.

Згодна з Белстатам, замежнае піва ў Беларусі займае амаль траціну рынка — 30%. То бок тры з дзесяці прададзеных у краіне пляшак піва звараныя за мяжой. Уведзенае 1 траўня ліцэнзаванне піўнога імпарту нібыта мусіць стан рэчаў змяніць і дапамагчы беларускім піваварам. Яны перажываюць няпростыя часы — сталічная “Крыніца” нават увайшла ў лік 20 самых стратных прадпрыемстваў краіны.

Ва ўкраінскай “Абалоні” Еўрарадыё пацвердзілі, што праблема з продажамі ў Беларусь ёсць. Але канкрэтныя лічбы стратаў пакуль назваць не гатовыя. Правілы ліцэнзавання імпарту піва, уведзеныя ў траўні, прывядуць да значнага падвышэння цэнаў на ўкраінскі прадукт, гавораць эксперты.

Што датычыць нямецкага, ірландскага і іншага піва прэміум-брэндаў, то перамены яго наяўнасці на паліцах беларускіх крамаў амаль не закрануць. Кіраўнік фірмы-імпарцёра Павел Лапотка гаворыць, што прадукт гэта элітарны, на рынак уплыву амаль не мае, і ад яго ніхто не адмовіцца.

“Яно на паліцы каштуе пад 30 тысяч рублёў. У сувязі з гэтым аб’ём продажаў такога піва невялікі. Імпарцёры паспеюць атрымаць ліцэнзіі, пакуль распрададуць складскія запасы. Вось мы цяпер займаемся атрыманнем ліцэнзіі на чэшскі брэнд, які імпартуем. Турботаў стала больш, але ў цэлым вялікіх зменаў не будзе. Толькі для пастаўшчыкоў украінскага піва”.

Так што барацьбу півавары будуць весці толькі за 10% рынка, які можа вызваліцца ад украінскага піва. І яшчэ не факт, што перамогуць беларускія бровары. Пасля ўступлення Беларусі ў Мытны саюз расійскае піва атрымала неабмежаваны доступ да нашых паліцаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі