Іх норавы: чаму ўсе так любілі каралеву Лізавету II і любяць Галадрыэль?

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Заўтра, у суботу, у Вялікабрытаніі прынц Чарлз будзе афіцыйна абвешчаны каралём Карлам III. Вы ведаеце пра гэта, як напэўна ведаеце загадзя і пра тое, што сённяшні агляд сусветных навін мы пачнём з навін з Шатландыі.

Няма часу чытаць? Слухайце нас на любой зручнай платформе.

 

"Кожны, з кім яна гаварыла ў натоўпе, адчуваў сябе сам-насам з ёй"

З шасці раніцы брытанцы збіраюцца каля брамы замка Балморал. Мы называем імя далёкага шатландскага замка так, быццам упэўненыя, што вы яго ведаеце. Але так, мы ўпэўненыя, што вы ведаеце: там, у Балморале, 8 верасня памерла каралева Вялікабрытаніі Лізавета II.

У найбліжэйшыя дні брытанцы будуць спрабаваць растлумачыць усім сусветным медыя, што для іх значыла каралева — і чаму а 6-й раніцы яны збіраюцца каля брамы далёкага шатландскага замка, каб развітацца з Яе Міласцю.

Их нравы: почему все так любили королеву Елизавету II и любят Галадриэль?
Каралева Лізавета II і прынц Філіп / Carfax2

"Яна была той — і зноў жа, гэта перадаецца па спадчыне, я бачыў, як Яго Міласць рабіў тое самае, — хто мог увайсці ў пакой, поўны людзей, або прайсці па люднай вуліцы, але кожны, з кім яна размаўляла, адчуваў сябе сам-насам з ёй", — расказвае пра Лізавету II епіскап Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі.

Каралева ніколі не азіралася цераз плячо, каб убачыць, ці ёсць у натоўпе хтосьці больш цікавы. Усе прыцягвалі яе ўвагу, кажа епіскап.

Пры Лізавеце II змянілася 15 брытанскіх прэм'ераў. Адзін з іх сказаў, што яна была адзіным чалавекам у свеце, з якім ён мог пагаварыць, выказаць у дакладнасці тое, што думаў і адчуваў, і быць упэўненым, што ўсё сказанае не выйдзе за межы пакоя.

 

А можа, проста будзем як Нарвегія?

Калі Майк Пампеа быў дзяржсакратаром ЗША, ён сказаў Ірану: слухайце, мы проста хочам, каб вы былі нармальнай краінай. Будзьце як Нарвегія, добра? Сур'ёзна, так і сказаў.

Але ніхто не хоча быць "нармальнай краінай", усе хочуць быць "чароўнымі". Прынамсі, парламент КНДР хоча для сваёй краіны менавіта гэтага. І дарэчы, гэта не самая дрэнная навіна з Пхеньяна.

Их нравы: почему все так любили королеву Елизавету II и любят Галадриэль?
Вуліцы Паўночнай Карэі / Matt Paish

Такім чынам, парламент Паўночнай Карэі сабраўся, каб прыняць закон, які ператворыць КНДР у "прыгожую і цывілізаваную сацыялістычную чароўную краіну", піша CNN са спасылкай на дзяржаўнае паўночнакарэйскае інфармацыйнае агенцтва.

Парламент прыняў законы аб азеляненні і аб развіцці сельскіх рэгіёнаў. І калі на тое, гэта гучыць лепш, чым іншы закон, які прынялі ў Пхеньяне і пра які расказвае ВВС. Краіна абвясціла сябе ядзернай дзяржавай, і Кім Чэн Ын заявіў, што гэтае рашэнне незваротнае. Закон замацоўвае за Пхеньянам права выкарыстаць прэвентыўны ядзерны ўдар.

Закон аб азеляненні крыху больш спалучаецца з абяцаннямі Кім Чэн Ына падвысіць узровень жыцця людзей, чым гэты ядзерны закон. Пхеньян не раз абвінавачвалі ў тым, што, пакуль людзі сутыкаюцца з нястачай харчавання праз санкцыі і пандэмію, краіна ўкладвае грошы ў ваенныя распрацоўкі.

Нагадваем усім краінам словы Пампеа. Давайце хоць хто-небудзь будзе проста "нармальнай краінай". Ну, як Нарвегія.

 

Чаму Маск не купіў Twitter

У красавіку мы сачылі за тым, як Ілан Маск усё ніяк не купіць Twitter, а цяпер высвятляецца, што і тут замешаны Уладзімір Пуцін.

Часопіс "Правила жизни" са спасылкай на Business Insider піша, што Маск 9 траўня адправіў паведамленне з просьбай адкласці куплю. Таму што баяўся пачатку Трэцяй сусветнай вайны і хацеў дачакацца анансаванай загадзя прамовы расійскага прэзідэнта.

Маўляў, калі Пуцін абвесціць ядзерную вайну, Маску будзе патрэбны не Twitter. Гэта толькі частка перапіскі, на наступным тыдні яе агучаць цалкам. Магчыма, даведаемся, што наогул будзе трэба ў выпадку ядзернай вайны і ці дапамогуць 44 млрд долараў, якія ён сэканоміў на адмове ад Twitter.

 

Будзь як Галадрыэль

Ілану Маску не спадабаўся не толькі Twitter, які мала таго, што бескарысны пры ядзернай зіме, дык яшчэ і поўны ботаў — прынамсі, па словах мільярдэра.

Чаму Маску не спадабаўся спін-оф

Акрамя Twitter, Маску не спадабаўся спін-оф "Уладара пярсцёнкаў", адзначаюць "Правила жизни". І ён напісаў пра гэта твіт. Па словах мільярдэра, усе мужчынскія персанажы ў першых дзвюх серыях спін-офа — "або баязліўцы, або прыдуркі, або тыя і другія".

"Толькі Галадрыэль смелая, разумная і мілая", — дадаў Маск.

Мы яшчэ не глядзелі спін-оф, але наперадзе восеньскія выходныя, так што запісваем у планы. І сусветныя лідары хай запісваюць у планы асобаснага росту: не можаце быць як эльфійская ўладарка Галадрыэль, будзьце хоць бы як Нарвегія.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі