Іх норавы: выкраданне машыны для галасавання, атака на Кіршнэр і лянівы чалавек

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Эксперты МАГАТЭ нарэшце трапілі на Запарожскую АЭС. І вядома, гэта галоўная навіна, якую апошнія тыдні чакалі ў Беларусі і наогул у рэгіёне.

Але пакуль спецыялісты ААН дабіраліся да Запарожжа, свет працягваў жыць сваім жыццём. Раскажам, якім яно было.

 

Пісталет ля скроні віцэ-прэзідэнта

Сёння ўсе пераглядаюць адзін відэаролік з Аргенціны. У некалькіх секундах гэтага відэа — гісторыя вялікага шанцавання віцэ-прэзідэнта Крысціны Фердынандэс дэ Кіршнэр.

Тое самае відэа

Палітык прабіралася праз натоўп прыхільнікаў, калі ёй насустрач выскачыў мужчына з пісталетам і накіраваў яго проста ў галаву Крысціны. Але пісталет даў асечку.

Буйное антыкарупцыйнае расследаванне і абвінавачанні, па якіх Кіршнэр пагражае да 12 гадоў турмы, цяпер наўрад ці здаюцца ёй такой ужо праблемай.

ВВС піша, што ні матываў нападніка, ні тэхнічных прычын, з якіх пісталет даў асечку, паліцыя не называе. І ў чаканні падрабязнасцяў аргенцінскія СМІ, тык-токеры, ды напэўна і сама Кіршнэр проста безупынна ставяць гэта відэа на паўтор.

 

Новая тэорыя змовы

У ЗША знікаюць машыны для галасавання. Здавалася б, пры чым тут тэорыя змовы?

Шмат якія прыхільнікі Дональда Трампа вераць, што выбары 2020 года былі сфальсіфікаваныя. І паліцыя па ўсёй краіне фіксуе іх спробы дабрацца да машын для галасавання, каб высветліць, за каго ж прагаласавалі амерыканцы на самай справе. І ці быў гэтым "кімсьці" Джо Байдэн.

Их нравы: похищение машины для голосования, атака на Киршнер и ленивый человек
Дональд Трамп / Gage Skidmore

Усе гэтыя машыны вырабляе канадская кампанія Dominion. У 2020 годзе амерыканскі юрыст-рэспубліканец Джэром Паўэл заяўляў, што праграмнае забеспячэнне машын нібыта падыгрывала Байдэну. Dominion падала некалькі пазоваў у адказ на гэтыя абвінавачанні. А прыхільнікі Трампа пачалі літаральна выкрадаць машыны для галасавання, каб праверыць, што ж там унутры.

У выніку адну з машын выявілі ў продажы на e-bay — прадавец знайшоў яе ў камісіёнцы і купіў за некалькі долараў. А на што вы гатовыя пайсці дзеля пераліку галасоў? Не адказвайце, мы ведаем.

 

Экс-лідарцы М'янмы пагражае 200 гадоў турмы

А ў М'янме экс-лідарку краіны Аун Сан Су Чжы прысудзілі яшчэ да трох гадоў турэмнага зняволення. Такім чынам, на гэты момант суд пакараў яе ўжо 20 гадамі турмы. І гэта не мяжа: па ўсіх пунктах абвінавачання ёй можа пагражаць да 200 гадоў зняволення.

Суд лічыць, што яна вінаватая ў падтасоўцы ўсеагульных выбараў у 2020 годзе, па выніках якіх павінна была перамагчы яе партыя Нацыянальная ліга за дэмакратыю. Але перамогі не здарылася, таму што тады, узімку 2021-га, да ўлады прыйшла не дэмакратыя, а вайсковая хунта.

Праваабаронцы называюць судовыя працэсы ў дачыненні да экс-прэм'еркі палітычна матываванымі, сама Аун Сан Су Чжы адмаўляе ўсе абвінавачанні. Але гэта не першы яе тэрмін. Да таго як партыя Сан Су Чжы прыйшла да ўлады, яна правяла ў турме агулам 15 гадоў.

 

Не паленаваўся пакрыўдзіцца

Кожны год у чарнагорскай вёсцы Брэзна праходзіць спаборніцтва па ляжанні, піша часопіс "Правила жизни". Перамагае той, хто зможа ляжаць і нічога не рабіць даўжэй за іншых удзельнікаў. Сёлета перамог 38-гадовы мясцовы жыхар Жарка Пяянавіч. Ён праляжаў на зямлі 55 гадзін.

Их нравы: похищение машины для голосования, атака на Киршнер и ленивый человек
А колькі гадзін можаце пракачацца вы? / pixabay

"Гэта было нескладана. Паверце, я нават не разагрэўся", — цытуе пераможцу мясцовы партал Glas Zabjela.

Як пераможца, ён атрымаў 350 еўра, а яшчэ абед на дваіх у рэстаране, двухдзённае пражыванне ў этнавёсцы і сертыфікат на заняткі рафтынгам. І тытул самага вялікага лайдака Чарнагорыі. Пяянавічу спадабалася ўсё, акрамя тытула.

І ён не паленаваўся ўварвацца ў рэдакцыю СМІ, якое напісала пра яго як пра лайдака. Мужчына разбіў абсталяванне, збіў тэхнічнага дырэктара і журналіста. Цяпер "самы лянівы чалавек" можа ленавацца як мінімум 30 сутак: яго затрымала паліцыя.

Калі вы лянуецеся сачыць за тым, што адбываецца ў свеце, чытайце штотыднёвыя агляды на Еўрарадыё. А калі зусім лянуецеся — слухайце нас на Soundcloud. Але мы не вінаватыя, калі вам нешта не спадабаецца!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі