Вы тут

Ікебана і сякухаці: у Беларусь прыйшла "Японская восень"

tourdom.ru

11 верасня ў мінскім Доме дружбы ўрачыста адкрыўся фестываль "Японская восень у Беларусі". Ён будзе праходзіць на працягу трох месяцаў.

Часовы павераны ў справах Японіі ў Беларусі Тадаацу Моры распавёў, што фестываль закліканы пазнаёміць беларусаў з асаблівасцямі японскай культуры і традыцыямі краіны. Дарэчы, і сам фестываль ужо стаў традыцыйным у беларусаў. У гэтым годзе ён праводзіцца ў сёмы раз.

З верасня па лістапад у Мінску і іншых гарадах запланаваныя мерапрыемствы, прысвечаныя розным аспектам традыцыйнай і сучаснай японскай культуры. Гасцей чакаюць лекцыі і майстар-класы, канцэрты і кінапаказы, выставы і спартыўныя спаборніцтвы. Падчас фестывалю Беларусь наведаюць японскія майстры ікебана і гульні на японскай флейце сякухаці.

Пачаўся ж культурны форум з семінара па дзэн ў Доме дружбы, піша БелТА. Настаяцель храма Цёкодзі (горад Нумадзу, прэфектура Сідзуока) Сохаку Мацусіта пазнаёміў удзельнікаў семінара з дыхальнай практыкай рындзай-дзэн і расказаў, як аб'яднаць філасофію і асноўныя элементы практыкі, каб ўзбагаціць паўсядзённае жыццё.