Ігар Леднік асуджаны на 3 гады калоніі агульнага рэжыму

Ігар Леднік асуджаны на 3 гады калоніі агульнага рэжыму, паведамляе @BSDP_Hramada. Апазіцыянера прызналі вінаватым у "паклёпе" на Аляксандра Лукашэнку. Крымінальную справу разглядаў суд Ленінскага раёна Мінска. Канфіскацыі падлягае камп'ютар і тэлефон Ледніка (адзін з забраных раней тэлефонаў вяртаецца актывісту). Забраныя падчас вобшуку ў яго кватэры асобнікі партыйнага часопіса "Пазіцыя" падлягаюць знішчэнню (менавіта ў ім знайшлі публікацыю з "паклёпам" — "Міжнародна прызнаны нейтралітэт Беларусі — гарантыя бяспекі ў рэгіёне АБСЕ").

Ігар Леднік знаходзіцца за кратамі з красавіка 2022-га. Ён інвалід трэцяй групы, мае істотныя праблемы са здароўем. Падчас зняволення ў СІЗА згубляў прытомнасць, у выніку чаго яму была экстранна зроблена аперацыя.

Леднік з’яўляецца 10-м сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, які на дадзены момант знаходзіцца за кратамі. Праваабаронцы ў траўні прызналі яго палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.