Ігар Крывушэнка застаецца галоўным трэнерам зборнай Беларусі па футболе

Ігар Крывушэнка застаецца галоўным трэнерам зборнай Беларусі па футболе

Ігар Крывушэнка застаецца галоўным трэнерам зборнай Беларусі па футболе. Пра гэта стала вядома 2 лістапада па выніках яго сустрэчы са старшынёй БФФ Сяргеем Румасам, інфармуе сайт abff.by.

“Мы дамовіліся, што кантракт будзе разлічаны крыху больш, чым на год, да канца адбору Лігі нацый (новага турніру, які стартуе восенню 2018-га — Еўрарадыё), — кажа Румас. — І ў выпадку, калі ў нашай чацвёрцы Беларусь займае першае месца, то кантракт аўтаматычна працягваецца на наступны цыкл”.

Старшыня БФФ прызнае, што адбор на чэмпіянат свету, калі зборная Беларусі заняла ў групе апошняе месца, быў самым правальным за час яго кіраўніцтва. Але Сяргей Румас упэўнены, што гэтая старонка ўжо перагорнутая, ідзе праца над памылкамі, каб у будучыні “займаць годныя месцы”.

“Пастараюся дасягнуць патрэбнага выніку, — сказаў пасля сустрэчы ў БФФ Ігар Крывушэнка. — Пастараемся разам з камандай паказаць добры футбол. І не расчароўваць нашых заўзятараў… Склаўся касцяк [зборнай], людзі, з якімі будзем рухацца далей і старацца дасягнуць максімальных мэтаў”. У сярэдзіне лістапада беларуская зборная правядзе таварыскія матчы са зборнымі Арменіі і Грузіі.

Ігар Крывушэнка быў прызначаны галоўным трэнерам зборнай Беларусі ў пачатку сакавіка 2017 года (спачатку ў якасці выконваючага абавязкі). Некалькі месяцаў пасля адстаўкі Аляксандра Хацкевіча ў каманды не было галоўнага трэнера, а замену федэрацыя ніяк не магла знайсці — многія кандыдаты адмаўляліся. Крывушэнка спачатку сумяшчаў працу ў зборнай і ў “Тарпеда-БелАЗе”, дзе ён таксама быў галоўным трэнерам. У апошнія месяцы Ігар Крывушэнка засяродзіўся выключна на зборнай. Яму пагражала адстаўка, але някепская гульня каманды ў матчах з французамі і галандцамі ўмацавала пазіцыі футбольнага спецыяліста.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі