Ігар Крывушэнка ачоліў футбольную зборную Беларусі

Ігар Крывушэнка ачоліў футбольную зборную Беларусі

Беларуская федэрацыя футбола нарэшце выбрала галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай Беларусі. Яе ачоліў Ігар Крывушэнка, галоўны трэнер жодзінскага "Тарпеда-БелАЗ". Прэс-служба БФФ паведамляе, што па выніках сустрэчы старшыні федэрацыі Сяргея Румаса і Ігара Крывушэнкі была дасягнутая "дамоўленасць аб прызначэнні айчыннага спецыяліста на пасаду галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай краіны ў якасці выконваючага абавязкі". Адзначаецца, што "дакументальныя адносіны" з Крывушэнкам "будуць аформленыя ў бліжэйшыя дні". БЕЛТА піша, што трэнер пакуль будзе сумяшчаць дзве пасады — галоўнага трэнера зборнай і "Тарпеда-БелАЗ". 25 сакавіка зборная Беларусі згуляе ў Стакгольме матч адбору на чэмпіянат свету са зборнай Швецыі.

Ігару Крывушэнку нядаўна споўнілася 53 гады. Ён вядомы ў мінулым футбаліст, некалькі гадоў выступаў за мінскае "Дынама". Трэнерская кар'ера пачалася ў 1994 годзе. У 2005-2007 гадах Крывушэнка трэніраваў БАТЭ, у 2007-2008 гадах — мінскае "Дынама". З "Тарпеда-БелАЗ" працуе з 2012 года.

Як вядома, пасля няўдалага старту зборнай Беларусі ў адборы чэмпіянату свету ў пачатку снежня 2016 года федэрацыя футбола прапанавала галоўнаму трэнеру Аляксандру Хацкевічу пагаршэнне ўмоваў кантракту (ён быў разлічаны да лістапада 2017 года). Футбольны спецыяліст з паніжэннем заробку не пагадзіўся і быў адпраўлены ў адстаўку. Ад таго часу ішоў пошук кандыдатаў, разглядаліся кандыдатуры спецыялістаў з Беларусі і замежжа.

Ігар Крывушэнка ачоліў футбольную зборную Беларусі
Фота: by.tribuna.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі