Вы тут

І жанчын прызываць? Ярмошына крытыкуе словы Лукашэнкі пра прэзідэнта і войска

Дзяўчаты ў войску Ізраіля / Reuters

Лідзія Ярмошына раскрытыкавала прапанову Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што прэзідэнтам павінен быць толькі беларус, які адслужыў у войску. Старшыня Цэнтрвыбаркама ў эфіры Еўрарадыё сказала, што ў яе такая ініцыятыва ўхвалення не выклікае.

"Я думаю, што тады трэба і жанчын у войска прызываць, як у Ізраілі, — больш ніяк. Я думаю, што гэта не адпавядае міжнародным стандартам і, натуральна, што гэта норма, якая абмяжуе ўдзел у выбарах значнай колькасці грамадзян. Можна быць мужчынам і ў войску не служыць па самых розных прычынах: і рэлігійных, і па стане здароўя", — сказала Лідзія Ярмошына.

Сустрэчная прапанова, якая выказваецца ў сацсетках — каб жанчынам можна было балатавацца ў прэзідэнты толькі пасля нараджэння дзіцяці, — Лідзіі Ярмошынай таксама не падабаецца.

Як паведамляла Еўрарадыё, пра абавязковую службу ў войску для кандыдата ў прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка заявіў 16 ліпеня на сустрэчы з віцебскімі дэсантнікамі. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў, каб у новай Канстытуцыі было прапісана гэтае патрабаванне да тых, хто хоча заняць найвышэйшую дзяржаўную пасаду. Праўда, потым ён дадаў, што сказаў гэта, каб у тэлеграм-каналах было што "пажаваць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.