Вы тут

І тэлефоны запісваюць: Расія змяніла правілы перасячэння мяжы з Беларуссю

ФСБ на мяжы з Беларуссю / Юрый Васкрасенскі

Расія змяніла правілы перасячэння беларуска-расійскай мяжы. Цяпер там запісваюць пашпартныя звесткі і тэлефоны ўсіх грамадзян, якія ўязджаюць і выязджаюць. Тых, хто перасякае мяжу пешшу, таксама кантралююць.

Афармленне на мяжы праводзіцца ўручную. Відавочцы паведамляюць, што ўжо цяпер там сабралася чарга з легкавых і грузавых машын, якія жадаюць трапіць у Беларусь і ў Расію.

"Сцягнутыя дадатковыя сілы пагранслужбы ФСБ. Вялізныя чэргі на выезд з РФ. Беларусаў не выпускаюць на радзіму. Патрабуюць афармлення. Уносяць звесткі ў камп'ютар і для чагосьці запісваюць мабільны тэлефон. Потым прапускаюць",напісаў у сваім фэйсбук-акаўнце былы дэпутат Мінскага гарадскога савета Юрый Васкрасенскі.

Абураныя кіроўцы на мяжы / Юрый Васкрасенскі

Памежная служба ФСБ расказала Еўрарадыё, што яны не ўводзілі ніякіх абмежаванняў для беларусаў, аднак пацвердзіла збор звестак:

"Паступіла распараджэнне — запісваць звесткі грамадзян, якія прыязджаюць і якія з'язджаюць. Гэта не закрыццё мяжы".

Прычыну для такога рашэння ў пагранслужбе адмовіліся называць і перанакіравалі ў прэс-службу цэнтральнага апарату ФСБ. Там, у сваю чаргу, таксама адмовіліся нешта каментаваць і спаслаліся на тое, што ўся інфармацыя знаходзіцца на іх сайце. На афіцыйным сайце ведамства няма ніякай інфармацыі пра змены правілаў перасячэння мяжы для беларусаў.

Аператыўны каментар беларускага Пагранкамітэта пакуль атрымаць не ўдалося.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.